Карыстальнікі байнэту пачалі абмяркоўваць незвычайныя шапікі, якія ўсталёўваюць па Менску да II Эўрапейскіх гульняў.
Многім яны не спадабаліся, некаторыя пабачылі ў іх азіяцкі стыль, не ўласьцівы Беларусі, а некаторыя жартуюць, што гэта шапіто або намёты Ку-клус-клану.
Дызайнэр Саша Чабатароў прапанаваў зрабіць намёты сымбалем гульняў. Ягоная прапанова ў Twitter сабрала тры сотні лайкаў.
Раней Чабатароў ужо публікаваў жартаўлівыя або альтэрнатыўныя лягатыпы і фірмовыя дызайны для беларускіх масавых мерапрыемстваў. Напрыклад, для сьвяткаваньня Дня Волі ў 2019 годзе ён прапанаваў яйка, зь якога вылупляецца чырвоная птушка.
Дызайнэр таксама абурыўся тым, як абмяркоўваюць іншы аспэкт падрыхтоўкі да Эўрапейскіх гульняў: транслітэрацыю на ўказальніках. Некаторыя сьмяюцца з надпісу «HC Arena Sicy» — фармальна транслітэрацыя амаль правільная, але слова «сіці» запазычанае з ангельскай мовы, дзе пішацца як «city», а абрэвіятура «ГЦ» не расшыфраваная для замежнікаў.
Яшчэ адзін элемэнт падрыхтоўкі да гульняў крытыкаваў Аляксандар Лукашэнка — параўнаў бэтонныя блёкі, якімі абгарадзілі фан-зоны, з канцлягерамі і гета. Гэта адбылося ў размове зь міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам, які ў той жа дзень падаў рапарт аб адстаўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Так выглядаюць бэтонныя блёкі, за якія Лукашэнка скрытыкаваў Шуневіча. ФАТАФАКТ