Тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь час метэаназіраньняў пабіты ў Беларусі 12 чэрвеня, піша БелаПАН са спасылкай на архіў тэмпэратур на сайце Meteoinfo.by.
Тэмпэратурныя рэкорды фіксуюцца дзявяты дзень запар. 12 чэрвеня абнавіўся тэмпэратурны максымум для ўсёй Беларусі з пачатку метэаназіраньняў. Да гэтага фіксаваліся тэмпэратурныя рэкорды для асобных населеных пунктаў.
У Жлобіне паветра прагрэлася да 34,7 градуса вышэй за нуль, гэта на 0,3 градуса перавышае абсалютны максымум, зафіксаваны ў 2010 годзе ў Лельчыцах. Папярэдні рэкорд у Жлобіне складаў 32,4 градуса (таксама з 2010 году).
Тэмпэратурныя максымумы абнавіліся ў сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі:
- у Магілёве было 34,6 градуса;
- у Гомлі — 33,4;
- у Берасьці і Віцебску — 33,2;
- у Менску — 32,7;
- у Горадні — 32,4.
Да канца тыдня ў Беларусі захаваецца сьпякотнае надворʼе. Летась у чэрвені максымальную тэмпэратуру зафіксавалі ў Берасьці — 31,3 градуса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці павінен скарачацца працоўны дзень у сьпёку?