Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зробіць 12 чэрвеня важную заяву аб плянах дысьлякацыі амэрыканскіх вайскоўцаў у Польшчы. Гэта будзе заява пра «будучыню нашага партнэрства ў сфэры бясьпекі», паведаміў амэрыканскім СМІ неназваны прадстаўнік Белага дома.
Заява будзе зробленая пасьля перамоваў Дональда Трампа з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, які раней заклікаў Белы дом арганізаваць на тэрыторыі краіны – сябра NATO сталую амэрыканскую вайсковую базу, якую ён прапанаваў назваць «Форт Трамп».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg пра «Форт Трамп»: Польшча рыхтуецца да ўгоды з ЗША аб ваеннай базеАмэрыканскія прадстаўнікі не паведамілі дэталяў заявы, якая рыхтуецца, але, паводле газэты Wall Street Journal, у адміністрацыі Трампа абмяркоўвалася ідэя адпраўкі ў Польшчу тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў, якія будуць знаходзіцца не на сталай, а на ратацыйнай аснове і выконваць у асноўным дапаможныя задачы: кіраваць самалётамі-беспілётнікамі, забясьпечваць нармальнае функцыянаваньне амэрыканскага кантынгенту.
Цяпер у Польшчы знаходзяцца каля чатырох тысяч амэрыканскіх салдат. Першы кантынгент быў накіраваны ў Польшчу ў 2017 годзе для таго, каб прадэманстраваць прыхільнасьць Злучаных Штатаў прынцыпу сумеснай абароны са сваімі саюзьнікамі ў NATO перад тварам небясьпекі з боку Расеі. Анэксія Масквой Крыму і маштабная падтрымка Расеяй сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны пасяліла сур’ёзную трывогу адносна расейскіх намераў у Польшчы і краінах Балтыі.