Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (IAAF) у нядзелю пацьвердзіла, што яе рада на пасяджэньні ў Манака адмовілася аднавіць сяброўства Ўсерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, якая была адхіленая ў сувязі з допінгавым скандалам у расейскім спорце.
Пра гэта заявіў Рунэ Андарсан — кіраўнік рабочай групы міжнароднай асацыяцыі. Паводле яго, падразьдзяленьне, якое адказвае за захаваньне антыдопінгавых правілаў, праверыць дадзеныя агенцтва Reuters аб тым, што двое расейскіх трэнэраў і лекар, адхіленыя ад працы ў сувязі з допінгам, па-ранейшаму працуюць з атлетамі.
Пытаньне аднаўленьня Расеі будзе разгледжанае пасьля пераправеркі дадзеных допінг-тэстаў маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, — сказаў Андарсан.
У Расеі пакуль не адрэагавалі на рашэньне. Расейскія прадстаўнікі раней сьцьвярджалі, што фэдэрацыя выканала ўсе ўмовы для свайго аднаўленьня ў правах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Sunday Times: у расейскай лёгкай атлетыцы новы допінг-скандалНезадоўга да пасяджэньня рады брытанская газэта Sunday Times напісала, што расейскага скакуна ў вышыню Данілу Лысенку западозрылі ў дачы ілжывых паказаньняў у справе аб пропуску допінг-тэстаў, а чыноўнікаў Усерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі — у фальсыфікацыі дакумэнтаў па ягонай справе. Пакуль незразумела, ці паўплывала гэтая справа на рашэньне рады.
Калі рашэньне ня будзе перагледжанае, гэта азначае, што расейскія лёгкаатлеты павінны будуць прапусьціць Алімпійскія гульні 2020 году. Цяпер яны маюць магчымасьць выступаць на міжнародных спаборніцтвах толькі ў нэйтральным статусе і пасьля праходжаньня складанай працэдуры «фільтрацыі» заявак спартоўцаў.