«Сябрам дару ровар», — так пракамэнтаваў парталу Tut.by падарунак Аляксандру Лукашэнку прадстаўнік расейскага алігарха Ігара Макарава.
- 1 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка катаўся з малодшым сынам Мікалаем пад Воршай на роварах. Tut.by высьветліў, што ровар як у Мікалая Лукашэнкі каштуе ня менш за 7,5 тысячы даляраў.
- Прэс-сакратарка Натальля Эйсмант заявіла «Камсамольскай праўдзе», што ровары падарыў расейскі бізнэсовец, сябра Аляксандра Лукашэнкі Ігар Макараў.
У камэнтары парталу Tut.by прадстаўнік Ігара Макарава піша, што Макараў раней уваходзіў у алімпійскую зборную СССР, майстар спорту міжнароднага кляса і ганаровы прэзыдэнт Расейскай фэдэрацыі веласпорту.
«Менавіта таму ён шмат якім сваім сябрам і партнэрам дорыць ровар, які, па ягоным меркаваньні, можа зрабіць насычанае жыцьцё занятага чалавек больш збалянсаваным і здаровым», — патлумачыў прадстаўнік Макарава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ровар, «Майбах», карова, шапка... Што дарылі ЛукашэнкуІгар Макараў — заснавальнік кампаніі «ИТЕРА», прэзыдэнт міжнароднай групы кампаній «АРЕТИ».
У 2005 годзе быў прызначаны ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Маскве. У Беларусі ўзнагароджаны мэдалём Францыска Скарыны і ордэнам Дружбы народаў.
Знаходзіцца на 48-м месцы з самых заможных бізнэсмэнаў Расеі. Ягоная маёмасьць ацэньваецца ў 2,1 мільярда даляраў.