«1984». Доўгая дарога да кнігі

Інструктар-літаратар армейскага агітатраду 1-й танкавай арміі ст. л-т Сяргей Шупа, лясы пад Дрэздэнам, лета 1984

8 чэрвеня спаўняецца 70 гадоў з дня выхаду ў сьвет раману Джорджа Оруэла «1984». Перакладчык Сяргей Шупа расказвае пра нялёгкую гісторыю публікацыі славутага раману па-беларуску.

Першы раз пра Оруэла я пачуў даволі позна — быў, можа, які 1981 ці 1982 год, і пра яго кнігу «1984» захоплена расказваў мне мой студэнцкі сябар з ангельскай групы, Шура А., які меў «гаварашчую» мянушку «Шура-дысыдэнт». Ад таго часу я пачаў сям-там у савецкім друку натыкацца на згадкі пра кнігу і аўтара ў надзвычай крытычным тоне.

Не, усё ж гэта было яшчэ пазьней, бо калі б я ведаў пра раман у часы побыту ў Францыі (1981-1982), я б калі не купіў (бо ўсё роўна празь мяжу не правезьці), то прынамсі б прачытаў яго. І я быў ужо ў Майстроўні (вясна 1983), бо пасьля Шуравых апавяданьняў па сьвежых сьлядах запрапанаваў яму прыйсьці да нас на сходку і расказаць пра Вялікага Брата і яго сяброў.

Сходка была ў большай аўдыторыі Палацу Белсаўпрофу. Здаецца, была яна з дзьвюх частак і ў першай выступаў ці ня Адам Глобус. А пасьля Шура, які проста разабраў па пунктах 10 рысаў таталітарных рэжымаў зь ілюстрацыямі з Оруэла. Пазнаючы ў кожным пункце роднае, савецкае, слухачы насьцярожваліся, а лідэры — Вінцук Вячорка і Сяргей Дубавец — відавочна пахмурнелі, а пасьля падышлі да мяне і сказалі: «Каго ты прывёў! Нас жа пасьля такога к чорту адсюль выганяць!» Бо і праўда, на адкрытых сходках Майстроўні тэмы і размовы былі пераважна вэгэтарыянскія. (Памятаю толькі адзін момант, калі школьнік Сярожка Харэўскі расказваў пра эканоміку і ўжыў тэрмін «у краінах сапраўднай дэмакратыі», у мяне трошкі вочы палезьлі на лоб.)

З такімі літаратурнымі інфармацыямі я ў жніўні 1983 адбыў на месца вайсковай службы ў в/ч 15335 — Армейскі агітацыйны атрад пры палітаддзеле 1-й Гвардзейскай танкавай арміі ў горадзе-героі Дрэздэне. Мой калега Вова З. трапіў служыць у сталіцу ГСВГ Вюнсдорф, дзе пачытваў заходненямецкія газэты. Пачаўся той самы 1984 год, і Вова пачаў мне дасылаць выцінкі з тых газэтаў з публікацыяй з працягам Оруэлавага раману — Süddeutsche Zeitung i Frankfurter Allgemeine Zeitung — прычым гэта былі два розныя нямецкія пераклады.

Ня доўга думаючы, за няйменьнем тэксту арыгіналу, я і пачаў тыя ўрыўкі перакладаць... З таго, што надасылаў мне Вова, набралася каля 80% тэксту, я іх усе акуратна пераклаў і склаў у шуфляду да лепшых часоў.

Вярнуўшыся ў 1985-м з войска, я выпадкова праз знаёмых маіх знаёмых натрапіў на францускі пераклад «1984» — і хуценька даперакладаў усе лякуны. Поўны тэкст перакладу быў гатовы і зноў лёг у шуфляду.

Недзе ў 1986-7 гадох, калі ўсё навокал заварушылася, я запрапанаваў вялікі фрагмэнт перакладу для публікацыі нейкага зборніку «Тутэйшых». Памятаю размову з Дубаўцом на гэтую тэму ў кулюарах Першага вальнага сойму ў Палачанцы (сьнежань 1987). Але ўрэшце гэтая задума нічым ня скончылася.

Тэма публікацыі набыла новую вастрыню, калі ў верасьні 1988-га «Новый мир» анансаваў, што надрукуе «1984» у наступным, 1989 годзе. Я тут жа пабег па рэдакцыях часопісаў, выбар быў невялікі — «Полымя» і «Маладосьць». Можам жа надрукаваць Оруэла не пазьней за Маскву, адначасна! Тады гэта было страшна істотна.

У «Маладосьці» галоўны рэдактар Уладзімер Дамашэвіч наўпрост спытаўся ў мяне: «А гэты твой... як ты кажаш? Оруэл? — ён за нас ці не за нас?» На гэтым размова скончылася. У «Полымі» Генадзь Пашкоў сказаў адназначна: «Не. Ведаеш, студзеньскі нумар будзе юбілейны, гэта ж як-ніяк 70-годзьдзе БССР. Там ужо ўсё занятае, ёсьць Васіль Быкаў, і іншыя вядомыя і заслужаныя аўтары. А ёсьць пераклады — будзе раман Грэма Грына! Мы ж ня можам рызыкаваць і друкаваць нейкіх невядомых аўтараў. А Грэм Грын — гэта ж сусьветна вядомы празаік!»

Паведамленьне ў бюлетэні «Кантроль» № 2 (Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя»), 1989

Я тады працаваў рэдактарам у «Мастацкай літаратуры». Пахадзіў па калідорах, шукаючы хто б мог націснуць на «Полымя» і растлумачыць ім, пра што і пра каго тут гаворка, але ніхто мне нічым дапамагчы ня мог. Рыгор Іванавіч, які быў «фхож» у літаратурныя кабінэты і мог бы зь некім пагаварыць — якраз быў недзе ў адпачынку.

З апошняй надзеяй я затэлефанаваў Быкаву — бо ж ягоныя творы плянаваліся ў той першы нумар, ён мог бы ўвайсьці ў сытуацыю... Быкаў стомлена і адсутна выслухаў і сказаў: «Ведаеце, а хто я такі. Мяне ніхто слухаць ня будзе». Я на ўсялякі выпадак перапытаўся — ці чытаў ён Оруэла. «Ну чытаў. Выбачайце, нічым не магу дапамагчы...» і паклаў слухаўку.

[...]

Прыйшоў студзень 1989. Выйшаў першы нумар «Нового мира». Бяз Оруэла! Мы маглі быць першымі ў СССР, хто легальна апублікаваў «1984»...

Я зайшоў у «ЛіМ» і паплакаўся аб маім горы Анатолю Ільлічу Вярцінскаму. Ён адразу сказаў — «Дык давай хутчэй! Зараз жа надрукуем!» Публікацыя ўрыўку выйшла на цэлым развароце ў лютым — у тую суботу мы ехалі ў Вільню на Другі вальны сойм і чыталі газэту ў цягніку. За што я Анатолю Ільлічу бязьмежна ўдзячны. (Пасьля той пераклад страшна ганіў Анатоль Клышка — і, магчыма, сёньня я зь ім шмат у чым быў бы згодны.)

Працяг гісторыі быў такі. Летам 1989 у Менск упершыню прыехаў Данчык і прывёз мне перададзены Юркам Кіпелем арыгінал (зь Юркам мы сустрэліся перад тым на Купальлі ў Белавежы). Я спакойна адрэдагаваў пераклад «1984» (прызнаюся, найлепшы з усіх трох тэкстаў, зь якіх я перакладаў, быў нямецкі!), пераклаў «Animal Farm».

Загадчык аддзелу замежнай літаратуры «Мастацкай літаратуры» Барыс Сачанка бязь лішніх размоваў паставіў «1984» і «Фэрму» ў тэмплян, і кніга пасьпяхова выйшла ў 1992 годзе ў сэрыі «Бібліятэка замежнай прозы».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.