Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства надзвычайных справаў Віталь Навіцкі на Facebook выказаў просьбу «не перабольшваць» небясьпеку БелАЭС у сувязі з амэрыкана-брытанскім тэлесэрыялам «Чарнобыль». Ён заявіў, што цяпер нельга казаць, што калі нешта здарыцца, то «даведаемся праз тыдзень», і што «з 1986 году нічога не зьмянілася».
За дзень пост сабраў больш як тры сотні камэнтароў. Пазыцыю Навіцкага раскрытыкавалі вядомыя беларусы.
Галоўны рэдактар часопіса «Имена» Дзяніс Блішч: «Даведаемся гэтак жа, як пра падзеньне корпуса рэактара падчас перавозкі на БелАЭС. Гэта значыць не адразу, а дзякуючы толькі зьлівам».
Кіраўніца Marketing.by Ганна Шутава: «Тут тэма ня ў тым, як хутка мы даведаемся. А ў тым, што якая ўжо нафіг розьніца, калі і як даведаемся або не, калі абараніцца ад гэтага можна, толькі супэрапэратыўна ўцёкшы з тэрыторыі. Страх у самім факце паўтору».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭСАктывіст Антон Матолька: «„Нічога не зьмянілася“ — пра сыстэму, якая па сутнасьці тая ж, што і была».
Архітэктар Ільля Яцэвіч: «Ну а выпадак, калі пра ўдар корпуса новага рэактара для БелАЭС даведаліся па відэа відавочцы? А бягучая сытуацыя з адром, калі зноў жа выпадкі ёсьць, але замест нармальнай інфармацыі — хваля чутак? А „суіцыд“ даішніка ў Магілёве? А „суіцыд“ салдата ў Печах? А пастаяннае ігнараваньне лекарамі грыпу, калі ўсім пішуць ВРЗ/ВРВІ без аналізаў? У людзей даўно падарваны давер да сыстэмы агулам, у тым ліку з прычыны жаданьня сыстэмы ўтаіць падрабязнасьці, каб не было праблемаў для яе ж. Адсюль справядлівыя асьцярогі, што калі што здарыцца на БелАЭС, замоўчваць будуць да апошняга. Яшчэ б дадаў дзіўны выбар месца пад пляцоўку, адсутнасьць абдуманых рашэньняў, што потым з гэтай электрычнасьцю рабіць, выбар расейскага падрадніка, у якога ёсьць праблемы на падобных аб'ектах, што будуюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусьфільм» расказаў, чаму сэрыял HBO «Чарнобыль» не здымалі ў БеларусіАктывіст Яраслаў Бекіш: «Дзіўная дыскусія. Пытаньне топіку „як гэта людзі такое наогул кажуць — маўляў, нічога не зьмянілася?“ Адказ больш чым відавочны. У Сьветлагорску ліюць мачу ў вушы, маўляў, няма праблемаў на камбінаце, у Берасьці — няма парушэньняў па заводзе, у раёнах кожны сэзон дзьмуць у дудку, што рыба добраахвотна масава перастала дыхаць (гэта калі фоткі прынесьці і іх на месца выцягнуць, а так наогул не прызнаюць), у жыжку г...на ля ўрэзку вады пакуль носам адказных ня тыцнеш і кантралёраў за руку не прывядзеш — ва ўпор ня вераць і не прызнаюць; на берасьцейскай перавалачнай станцыі радыяцыі не было, а яе ліквідатараў лысых бяз броваў інвалідамі не прызнаюць і паціху пагражаюць, каб жывыя ня вякалі... Пад Стоўпцамі ў грунтовых водах няма сьлядоў забруджаньня ракетным палівам, па той жа АЭС з ацэнкай уплыву на навакольнае асяродзьдзе касякоў не было, а Ажароўскага мянты на ўваходзе на „грамадзкія абмеркаваньні“ не віньцілі і па лжывых абвінавачаньнях на суткі не саджалі і з краіны не высылалі і г. д. Хай гэта ўсё хлусьня. Чэргі на 150-300 чалавек у кабінэт кожны дзень у Бараўлянах адкуль? Што робіцца, каб гэты зьдзек спыніўся? Як, гледзячы на гэтыя чэргі, абываталям не бедаваць і ня нагнятаць? Сумленныя МНС-авечкі, цалкам верагодна, у выпадку надзвычайнага здарэньня зноў гераічна палягуць, і, можа быць, іх нават ня так паскудна зьліюць з рахункаў, як чарнобыльскіх, але каму ад гэтага будзе лягчэй і каму цяпер павінна быць спакайней?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля Чарнобылю і перад Астраўцом? Роздум «ліквідатара»Заснавальнік Tut.by Юры Зісер: «Біце мяне, рэжце, але я за АЭС. Ад іх пакутуе значна менш людзей, чым ад ДТЗ, і выкарыстоўваюцца яны ў многіх краінах сьвету. Я таксама лічу як мінімум дзіўным загадзя лічыць будаўнікоў ліхадзеямі, пакуль гэта не даказана. Але я разам з большасьцю тут пішучых упэўнены, што ў выпадку надзвычайнага здарэньня дзяржава традыцыйна нас падвядзе. Не, я веру, што МНС і асабіста спадар Навіцкі „ўсе як адзін памруць у барацьбе за гэта“ і ім пасьмяротна паставяць помнікі. Але я ня веру ў тое, што дзяржава распачне адэкватныя захады для своечасовага абвяшчэньня насельніцтву, якое апярэдзіць чуткі, і прыме меры бясьпекі для насельніцтва ўсёй краіны, не дапусьціць панікі і чутак, і знойдзе слушную інтанацыю для зносінаў зь людзьмі. Ужо бачу, як першымі драпануць з краіны сем'і прэзыдэнцкай вэртыкалі, калі народ яшчэ ні пра што здагадвацца ня будзе. У момант скончацца месцы на самалёты і міжнародныя цягнікі. Раптам пачнуцца перабоі з інтэрнэтам, Белтэлекам абвесьціць пра абарваньне важнага кабэля, Мінінфарм зьбярэ галоўрэдаў СМІ і ласкава папросіць „не разьдзімаць паніку“, а вінаватым традыцыйна прызначаць Tut.by. Па БТ будуць паказваць весткі з палёў і г.д. Пасьля дзесяцігодзьдзяў беспардоннай хлусьні і пакараньняў за праўду веры дзяржаве няма».
Былі і тыя, хто падтрымаў Навіцкага. У іх ліку кіраўнік расейскага інфармагенцтва Sputnik у Беларусі Андрэй Качура, які параіў яму «не марнаваць час на ідыётаў».
Што варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.