На думку Парашэнкі, украінскі бок «устане на калені перад агрэсарам», калі цяпер адновіць эканамічныя сувязі з так званымі «ДНР» і «ЛНР».
Пяты прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да шостага і дзейнага прэзыдэнта Ўладзімера Зяленскага з просьбай растлумачыць «дырэктывы» ўкраінскай дэлегацыі на перамовах у Менску.
Яго абурэньне выклікала прапанова аднавіць эканамічную сувязь зь непадкантрольнымі Кіеву тэрыторыямі на Данбасе.
Эканамічныя стасункі з так званымі «ДНР» і «ЛНР» былі афіцыйна прыпыненыя 15 сакавіка 2017 году «як рэакцыя на адвольны захоп (экспрапрыяцыя або ўвядзеньне зьнешняга кіраваньня Масквы) дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў Украіны, увядзеньне рублёвай зоны і расейскай падатковай сыстэмы».
Парашэнка разглядае прапанову як «рэалізацыю расейскага сцэнару на Данбасе» і пытае, ці пасьледуюць за гэтым «рэпатрыяцыі зь бюджэту Ўкраіны на карысьць агрэсара» і «аўтаномія з правам вэта на сувэрэнныя рашэньні дзяржавы, на курс да Эўразьвязу і NATO».
Адміністрацыя Зяленскага пакуль не камэнтавала заяву Парашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску аднавіліся перамовы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе