Грамадзянін Польшчы Пшэмыслаў Кучынскі зьвярнуўся да ваяводы Падляшша і губэрнатара Любліна з просьбай аб увядзеньні беларускай мовы на мяжы з Рэспублікай Беларусь.
Ініцыятыва датычыцца ўсіх інфармацыйных дошак, аўдыё і візуальных паведамленьняў, якія цяпер прадстаўлены толькі па-польску і часам дублююца па-расейску.
Спадар Кучынскі ініцыяваў пэтыцыю, у якой акцэнтуе ўвагу на тым, што беларуская мова — дзяржаўная мова ўсходняй суседкі Польшчы, і падкрэсьлівае яе сувэрэнітэт, а на польскай мяжы з Рэспублікай Беларусь немагчыма знайсьці інфармацыю на гэтай мове.
«Перасячэньне мяжы — гэта месца першага кантакту грамадзяніна іншай краіны з тэрыторыяй Рэспублікі Польшча і службамі, якія прадстаўляюць яе вышэйшыя органы ўлады. Штогод мяжу перасякаюць мільёны грамадзян Беларусі, і якасьць іх абслугоўваньня і імідж краіны маюць вырашальнае значэньне для ўспрыманьня ўсёй польскай дзяржавы», — прыводзіць аргумэнты спадар Кучынскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Польшча адмовілася ад камунізму 30 гадоў таму. І што тады рабілі беластоцкія беларусыВедаючы пра абмежаваныя фінансавыя рэсурсы ваяводзтваў, паралельна ён зьвяртаецца да міністраў унутраных спраў, фінансаў, замежных спраў Польшчы па дапамогу для мясцовага самакіраваньня ў працэсе ўвядзеньня беларускай мовы на польскіх дарожных пераходах з Рэспублікай Беларусь.
Адначасова ён просіць аднолькавай адаптацыі інфармацыйных дошак, аўдыё- і візуальных паведамленьняў, знакаў, якія выкарыстоўваюцца памежнай, мытнай і падатковай службамі на ўсіх абʼектах пры перасячэньні мяжы з Рэспублікай Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У архіве пабачыла тоны лістоў за беларускую мову». Гісторык з Чэхіі дасьледуе беларусізацыю 1990-х