Пушкін-мастак правёў пэрформанс за беларускую мову ў дзень нараджэньня Пушкіна-паэта

Алесь Пушкін ля крамы «Эўраопт» у Крупках

У 220-ю гадавіну нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна ягоны беларускі цёзка мастак Алесь Пушкін зладзіў пэрформанс супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі. Менш чым праз гадзіну яго затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастака Алеся Пушкіна затрымалі падчас пэрформансу ў Крупках

​Пратэстнай пляцоўкай стала крама «Эўраопт» у горадзе Крупкі Менскай вобласьці, у якой 8 траўня ў Алеся Пушкіна адбыўся інцыдэнт на моўнай глебе, там яго адмовіліся абслугоўваць па-беларуску.

Сам мастак жыве за 10 кілямэтраў у вёсцы Бобр і вядомы актыўным адстойваньнем правоў беларускамоўных. Ён зьвяртае ўвагу на дзеяньні дзяржаўных службоўцаў, работнікаў пошты, крамаў, сельсавету, ідэолягаў, праваслаўных сьвятароў, якія грэбуюць беларускай мовай і культурай. У абарону роднай мовы ён неаднаразова пісаў лісты ўладам, пасьля якіх часам каралі парушальнікаў. У траўні хацелі пакараць яго самога за настойлівае патрабаваньне абслужыць па-беларуску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унікальныя архіўныя відэа 25 Сакавіка: першы пэрформанс і першае дзяржаўнае сьвяткаваньне

Дата для пэрформансу выбрана невыпадкова: 6 чэрвеня — дзень нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна, мовай якога часьцяком прыкрываюцца староньнікі двуязычия.

Мастак атабарыщся на прыступках «Эўраопту» з плякатамі «Achtung Russia!» і «Bloodymir!» з выявамі Пуціна, а таксама «Stop russian agression on Europe» («Спыніце расейскую агрэсію ў Эўропе»), «Russia — war!» («Расея — вайна»), «Беларусь у NATO» і сьцягам Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Бальшыня месьцічаў досыць агрэсіўна адрэагавалі на чалавека ў камуфляжы і ў масцы з надпісам NATO: яго абражалі, правакавалі, казалі, што толькі дзякуючы Расеі яшчэ жыве Беларусь, а таксама папракалі, што Пушкін, мабыць, «хоча, каб было як ва Ўкраіне». Салідарылізаваліся толькі рэдкія адзінкі.

Пэрформанс Алеся Пушкіна ў Крупках 6 чэрвеня

Моўны інцыдэнт у крупскім «Эўраопце»

«Усё здарылася 8 траўня, — кажа Алесь Пушкін пра інцыдэнт. — Ніводнага надпісу па-беларуску ў крупскім „Эўраопце“ няма, дзе што ляжыць — здагадайся. Запытаўся ў супрацоўніцы пра шампіньёны, тая паказала. Іду далей — бачу, хлапец у фірмовай вопратцы гэтай сеткі. Дзе, кажу, кава распушчальная, пакажыце палічку. І яго панесла: „Чё? Какая какава? Да пошёл ты на..., нормально спроси...“ Натуральна, мяне зачапіла: „Нічога сабе, ты хто такі, чаму бяз бэджыка?“ На што быў пасланы яшчэ далей, пачаў клікаць адміністратарку, каб яго выставіла».

Нягледзячы на градус напружанасьці, канфлікт спачатку ўдалося ўлагодзіць — намесьніца дырэктара Марына Заграбальная выбачылася за нястрыманасьць свайго супрацоўніка Паўла Чыркова. Як кажа Алесь Пушкін, нічога пісаць у кнізе скаргаў тады ён ня стаў, пайшоў затарвацца далей. І зноў наткнуўся на таго самага працаўніка.

Алесь Пушкін па дарозе на акцыю

«Як быццам нічога дагэтуль не было, я пацікавіўся: дзе ў вас кава распушчальная? І зноў пачуў: „Ах, б..., ты еще здесь? Ну-ка пойдем...“ Паклікаў ахоўніка Вадзіма Бабкова. Вывелі мяне пад відэакамэры і пачалі правакаваць: „Мовы захотел? Сейчас получишь...“ Правакавалі, каб я раззлаваўся, пачаў махаць рукамі, яны мяне скруцілі б і выклікалі міліцыю. І зараз быў бы не мастак Пушкін, а хуліган, „который дерется с персоналом, мешает работать“. Я вытрымаў, толькі папярэдзіў, што праблемы яны сабе зарабілі сурʼёзныя».

Гэтым разам Алесь Пушкін пакінуў запіс у кнізе скаргаў, знайшоў нарэшце распушчальную каву, памахаў чэкам у відэакамэру і паехаў дадому ў Бобр.

Абвінавацілі самога Пушкіна

А ўжо ўвечары Алеся Пушкіна наведаў участковы міліцыянт Андрэй Белякоў: маўляў, паступіла заява на «агрэсіўнага кліента» з боку супрацоўніка «Эўраопта» Паўла Чыркова.

Пушкін прыняў да ведама і папрасіў перадаць заяўніку, каб той наведаў 9 траўня баброўскую царкву і ў дзень смутку і жалобы па ахвярах Другой усясьветнай вайны спавядаўся ды прычасьціўся. І тады ня будзе варажнечы і вайны паміж беларусам і расейцам. Але ні Чыркова, ні Бабкова ў храме ён так і не пабачыў.

Пушкін не здаваўся

Давялося цягнуць волакам

Яшчэ праз тыдзень начальніца аддзелу ідэалёгіі Крупскага райвыканкаму Алена Дамаронак патэлефанавала і запрасіла Алеся Пушкіна на прафіляктычную гутарку.

«Павітаўся: цудоўна вас ведаю. Гэта вы закрылі нам танцы, гэта вы не хацелі даваць беларускамоўныя падручнікі майму Міколку, пакуль не прыгразіў, што саштурхну помнік Леніну. Справа, кажу, нават ня ў тым. Вы вось мне па-руску клічаце мяне. Я не разумею. Скажыце па-беларуску, можа і пагаджуся. «У нас „двуязычие“», адказвае. Ну вы даяце: хочаце, каб я за нейкім ліхам да вас зьявіўся, і адмаўляецеся гаварыць са мной на адной мове? І адключыўся. Пасьля чаго яна напісала, што я «катэгарычна адмовіўся ад сустрэчы».

Менш чым праз гадзіну Алеся Пушкіна затрымалі

Зноў заявіліся праваахоўнікі і папрасілі падзяліцца відэа — Пушкін запісаў, як супрацоўнік «Эўраопта» лаецца матам і абражае беларускую мову. Аўтар відэа адмовіўся, заявіўшы, што, з аднаго боку, ня хоча кляўзьнічаць і з мужыкамі трэба змагацца па-мужыцку. Зь іншага, хоча праверыць сілавікоў і мясцовыя ўлады на «вашывасьць»: чый бок у выніку сьледчых дзеяньняў яны зоймуць — беларусаў ці расейцаў?

Тым часам адміністрацыйная справа супраць Пушкіна праз пару дзён была закрытая.

«Дасылаюць паперку: можна азнаёміцца з вынікамі праверкі. Паглядзеў, як вывучалі відэазапісы з камэраў, як апытвалі прадавачак, як бралі паказаньні з маіх крыўдзіцеляў. І ўсё стала на свае месцы: „Я — Россиянин (зь вялікай літары), почему обязан знать белорусский?“ — пісаў у тлумачэньні Павел Чыркоў. Прабачце, чаму ў Беларусі працуе чалавек, які намі грэбуе? Няўжо „Эўраопту“ ўсё роўна? Гэта стала апошняй кропляй!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прагулка з Пушкіным» насьцярожыла Віцебскую міліцыю

Што кажуць у краме

У крупскім «Эўраопце» запэўнілі: па выніках інцыдэнту праведзенае ўнутранае расьсьледаваньне. Выяўлена, што факты неправамерных дзеяньняў супрацоўнікаў крамы — абраза дзяржаўнай мовы, ужываньне нецэнзурных выразаў, правакацыя і г.д. — не знайшлі пацьверджаньня.

«Пры наведваньні крамы Аляксандар Мікалаевіч зьвярнуўся наконт распушчальнай кавы да прадаўца Паўла Чыркова. У сувязі з тым, што пытаньне не было пачутае, ён папрасіў яго паўтарыць. На жаль, пакупнік пачаў праяўляць грубасьць і непавагу да нашага супрацоўніка, хапаў яго за працоўную куртку... Што тычыцца зносінаў з пакупнікамі, згодна з артыкулам 13 закону „Аб мовах Рэспублікі Беларусь“ гандлёвая арганізацыя мае права выкарыстоўваць адну зь дзяржаўных моваў — беларускую або расейскую», — патлумачыў апэрацыйны дырэктар Уладлен Атрошкін.

Міліцыянты затрымліваюць Пушкіна падчас пэрформансу

Адказ пракуратуры і райвыканкаму

Не знайшла падставаў для хваляваньня і пракуратура Крупскага раёну. Пракурор Дзьмітры Макарэвіч на запыт Алеся Пушкіна адказаў, што для прыняцьця рашэньня адносна наяўнасьці ў дзеяньнях супрацоўнікаў крамы «Эўраопт» прыкметаў парушэньня заканадаўства аб мовах ягоная заява накіраваная ў мясцовы райвыканкам.

Там, у сваю чаргу, адзначылі, што былі апытаныя прадавец-камплектоўшчык Чыркоў і ахоўнік Бабкоў, якія «не пацьвердзілі зьневажальных адносінаў зь іх боку да беларускай мовы і культуры». З гэтага была зробленая выснова, што падставы для пачатку адміністрацыйнага працэсу адсутнічаюць.

«Я дачакаўся адказаў з „Эўраопту“, пракуратуры, райвыканкаму — усе сталі на бок расейцаў, — кажа Алесь Пушкін. — Што застаецца рабіць? У мяне свая зброя — палітра, працы. Таму вырашыў 6 чэрвеня, у дзень зьяўленьня на сьвет вялікага сына рускага народу Аляксандра Пушкіна, зрабіць пэрформанс. Загадзя сакрэты не адкрываў, каб дачасна не нэўтралізавалі. Наіўна было спадзявацца, што доўга ля крамы прастаю: клясыфікуюць як пікет, выклічуць міліцыю, затрымаюць. Сам у пастарунак ісьці не зьбіраўся, хай носяць на руках, калі ім патрэбна».

Усе плякаты Пушкіна міліцыя канфіскавала

Русыфікацыя «набыла імклівыя тэмпы»

Алесь Пушкін кажа, што калі пасьля Віцебска ў 1997 годзе вярнуўся на радзіму ў Бобр, моўная сытуацыя ў мястэчку была нашмат лепшая. Але ад пачатку 2000-х русыфікацыя пачала набываць імклівыя тэмпы.

«Я калі прыехаў і павесіў над хатай бел-чырвона-белы сьцяг, мы зь Яначкай (жонкай — РС) распачалі культурнае жыцьцё: ладзілі Купальле, Каляды, выставы, — згадвае ён. — Калі нарадзіліся дзеткі, вадзілі да лягапэда, псыхоляга, тыя пераходзілі на беларускую мову. А ў нулявых сытуацыя зьмянілася: „Говори нормально, да брось, чего ты выё...“. І на 2019-ы магу канстатаваць: агрэсія проста злая. Вельмі паказальная рэч для ўсходу Беларусі. Што будзе, калі такім людзям паабяцаць расейскія пашпарты? Зялёныя чалавечкі, свае данецка-луганскія „Матаролы“, якія сьвядома пойдуць за „великую Россию“».

Пасьля зачысткі супрацоўнікі гандлёвага цэнтру ўратавалі маску Пушкіна

Алесь Пушкін — аўтар і галоўны герой шэрагу гучных пэрформансаў. Адзін з самых вядомых — «Падзяка прэзыдэнту». 20 гадоў таму ён вываліў тачку гною перад прэзыдэнцкай адміністрацыяй і прабіў віламі партрэт Аляксандра Лукашэнкі, у якога скончыўся канстытуцыйны тэрмін на вышэйшай пасадзе, але новых выбараў так і не адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У архіве пабачыла тоны лістоў за беларускую мову». Гісторык з Чэхіі дасьледуе беларусізацыю 1990-х