Мастак Алесь Пушкін прыехаў у Віцебск, каб правесьці 1 красавіка пэрформанс: прайсьціся па знаёмых мясьцінах разам зь сябрамі і дамаляваць карціну, якая так і завецца — «Прагулка з Пушкіным». На карціну траплялі асобныя месцы маршруту, зьвязаныя зь «віцебскім пэрыядам» творчасьці мастака. Алесь Пушкін ішоў па горадзе зь бел-чырвона-белым сьцяжком, што прыцягнула ўвагу міліцыі.
Пачалі ад вакзалу
На прывакзальную плошчу Алесь Пушкін выйшаў у выглядзе вандроўніка — у заўсёдным капелюшы, з фанэрнай валізай і са скруткам старых афіш. Іх ён прывёз, каб падарыць віцебскім установам, дзе праходзілі розныя імпрэзы зь ягоным удзелам.
Паводле мастака, правесьці незвычайную акцыю яму прапанаваў віцебскі сябар, рэжысэр Антон Грышкевіч. Разам зь сябрамі Алесь Пушкін наведаў домік Марка Шагала, а таксама музэй сучаснага мастацтва. Мастак і ягоныя спадарожнікі падышлі да тэатру імя Якуба Коласа, да ратушы і да будынка, дзе калісьці месьцілася першая ў Беларусі прыватная галерэя «У Пушкіна».
Пэрсанажам карціны стаў апазыцыйны актывіст
У Віцебску Алесь Пушкін жыў і працаваў у самыя першыя гады беларускай незалежнасьці — з 1991 па 1997. Менавіта ў галерэі «Ў Пушкіна» прайшоў Першы зьезд беларускіх нацыяналістаў.
Удзельнікам зьезду быў і найстарэйшы віцебскі апазыцыйны актывіст Барыс Хамайда. Ён і цяпер, як у 1990-я, выходзіць на вуліцу Леніна да так званага «Сіняга дому», каб распаўсюджваць незалежныя выданьні. Алесь Пушкін засьпеў яго на звычайным месцы. І намаляваў «сіні дом», спадара Хамайду і ягоны бел-чырвона-белы парасон.
Пэрформанс здымала міліцыя?
Галерэя «Ў Пушкіна» месьцілася на апошнім паверсе трохпавярховага дому па вуліцы Суворава, дзе цяпер кавярня. А ў 1990-я тут быў цэнтар ня толькі культурніцкага, але і грамадзкага жыцьця.
Пакуль Алесь Пушкін прыгадваў даўнейшыя падзеі і маляваў будынак галерэі на карціне, да групы экскурсантаў наблізіўся міліцыянт у цывільным. Ён дастаў відэакамэру, зьняў усіх прысутных. Потым пацікавіўся, зь якой нагоды яны сабраліся і чаму Пушкін трымае бел-чырвона-белы сьцяжок.
Супрацоўніку міліцыі патлумачылі, што ён стаў сьведкам пэрформансу, а не пікету. Міліцыянт сказаў, што паведаміць пра гэта свайму начальству, і запісаў асабовыя дадзеныя тых, хто даваў тлумачэньні.
Мастак падараваў карціну віцебскаму пабу
Лёс карціны, намаляванай падчас шпацыру па віцебскіх вуліцах, мастак вырашыў загадзя. Палатно памерам 60 на 80 сантымэтраў ён падараваў уладальніку арт-пабу «Торвальд» Віталю Броўку.
У «Торвальдзе» паказалі і кадры ўнікальных відэаздымак 1990-х з удзелам Алеся Пушкіна. Гледачы ўбачылі, як праходзіў Першы зьезд беларускіх нацыяналістаў ды іншыя тагачасныя імпрэзы ў Віцебску.