Разгляд справы аб дзедаўшчыне ў Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву пачаўся ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 5 чэрвеня. Пацярпелымі прызналі 16 выхаванцаў вучэльні.
«Што вы, не маглі ўсе разам здачы даць?»
Удзельнікі працэсу — выхаванцы горадзенскай вучэльні алімпійскага рэзэрву.
На лаве падсудных трое хлопцаў — Артур Тубялевіч, Ян Халупа, Дзямʼян Варановіч. Ім 19–20 гадоў. Усіх павыключалі ўжо з вучэльні. Цяпер яны нідзе ня вучацца і не працуюць. Жывуць дома з бацькамі. Да суду іх не затрымлівалі. Усе не гарадзенцы, паходзяць зь іншых раёнаў вобласьці.
Іх абвінавачваюць у злосным хуліганстве і рабунку (ч. 2, 3 арт. 339, ч. 1 арт. 206 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Пацярпелыя называюць гэта дзедаўшчынай.
Пацярпелымі прызнаныя 16 падлеткаў ва ўзросьце 14–16 гадоў. Зь імі на суд прыйшлі бацькі або асобы, якія іх замяняюць. Падчас усяго працэсу ў залі будзе прысутнічаць псыхоляг.
Многія бацькі нічога ня ведалі пра тое, што іх дзяцей крыўдзяць, пакуль адзін з выхаванцаў не паскардзіўся сваім бацькам. Тады выявіліся і іншыя выпадкі.
«Што вы, не маглі ўсе разам здачы даць?» — пытаецца маці аднаго з пацярпелых перад пачаткам паседжаньня ў малодшых хлопцаў, якія шчыльна сядзяць адзін побач з адным.
«Калі вам нязручна, расьсяродзьцеся на ўсю лаву», — клапоціцца перад працэсам пракурорка пра пацярпелых.
Справу разглядае судзьдзя Тацяна Гергель.
Білі ў грудзі, па ягадзіцах, кралі прадукты
Пракурорка зачытала дзяржаўнае абвінавачаньне. Паводле яго, зьдзекі з падлеткаў цягнуліся больш як год — зь верасьня 2017 да лістапада 2018 году.
Старэйшыя хлопцы шматкроць білі пацярпелых у грудзі кулаком, часам у баксёрскай пальчатцы, нагой у спартовым абутку па ягадзіцах. Некаторым хлопцам абвінавачаныя рабілі надрэзы нажом у раёне пляча і лапаткі. У некаторых выпадках абвінавачаныя хлопцы былі нападпітку. Зьдзекі звычайна адбываліся ў пакоі інтэрната, дзе жылі выхаванцы, у прысутнасьці іншых хлопцаў, пасьля адбою (22:00).
Пазьней у судзе стала зразумела, што зьдзекі мелі свае назвы: біць па ягадзіцах нагой у красоўках — «біць лапцем», біць кулаком у грудзі — «фанэра», «прабіваць фанэру».
Паводле абвінавачваньня, нагодай для гвалту ня раз станавілася такая «малазначная нагода», як праверка пасьпяховасьці па вучэбных дысцыплінах. Прычын для зьдзекаў магло і ня быць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацькі памерлага ў Лідзе падлетка-цяжкаатлета: «Гэта дзедаўшчына ў спорце»Варановіча таксама абвінавачваюць у тым, што ён адкрыта скраў прадукты аднаго з падлеткаў на суму ня менш як 45 рублёў. Пракурорка падрабязна пералічыла склад крадзенага з вагой і колькасьцю: каўбаса, катлеты, смажаная курыца, піца, печыва, кексы, цукеркі, памідоры, агуркі, 4 канапкі.
Пры гэтым фігуранты справы, як адзначыла пракурорка, ігнаравалі нормы маральнасьці, грэбавалі нормамі паводзінаў, праяўлялі жорсткасьць і жаданьне прынізіць годнасьць пацярпелых.
Тубялевіч і Халупа сваёй віны не прызналі цалкам, Варановіч прызнаў толькі адзін з эпізодаў гвалту.
«Вы не баіцеся абвінавачаных?»
Па рашэньні суду спачатку дапытаюць пацярпелых і сьведак, потым — абвінавачаных, бо яны не прызнаюць віны.
15-гадовы пацярпелы Максім Г. расказаў сваю вэрсію таго, што адбывалася.
«Не хвалюйцеся, — супакойвае судзьдзя перад допытам. — Вы не баіцеся абвінавачаных?»
Максім кажа, што не.
Пракурорка далучаецца і спрабуе настроіць падлетка.
«Каб вы ня думалі, што нехта некага здае. Вы тут цывілізаваным спосабам абараняеце свае правы. Раскажыце, як усё было, нічога не дадаючы, не адымаючы», — кажа дзяржаўная абвінаваўца.
Паводле Максіма, старэйшыя хлопцы расказвалі малодшым, што ў іх ёсьць традыцыі і абрады, паводле якіх трэба жыць у інтэрнаце. Дзеля гэтага старшаклясьнікі двойчы склікалі сходы. Яны расказвалі, што трэба было добра вучыцца, не агрызацца.
«Калі ня будзем добра вучыцца — будзем „атрымліваць“. Якім чынам „атрымліваць“, не тлумачылі», — кажа пацярпелы.
Яго білі двойчы. Першы раз нагодай стала тое, што на пытаньне Тубялевіча, як таго завуць, Максім ня ведаў адказу. Другі раз, па ягоных словах, яго ўдарыў Халупа «за проста так» рукой у баксёрскай пальчатцы.
Ён разважае, што білі, відаць, для прафіляктыкі, дзеля выхаваньня. Мяркуе, што тое было няслушным. Сваіх крыўдзіцеляў хлопец характарызуе як спакойных, а не агрэсіўных.
«Я калі туды [у вучэльню] прыехаў, увогуле не разумеў, куды я трапіў і што там адбываецца. Аказваецца, гэта дзедаўшчына. Я раней ня ведаў, я ж у войску не служыў», — кажа Максім.
Настаўнікам і бацькам выхаванцы не казалі, што іх бʼюць, пакуль не пачалося сьледзтва.
Максім адзначае, што хоча далей вучыцца. Цяпер, па ягоных словах, абстаноўка ў вучэльні спакойная.
«Каб паесьці, зачыняюцца ў пакоі і выключаюць сьвятло»
Як расказала ў судзе Максімава маці Марына, сын цешыўся, што паступіў у вучэльню алімпійскага рэзэрву, на стаўленьне да яго ня скардзіўся. Пра тое, што яго білі, расказаў толькі, калі пачаўся разбор.
Маці аднаго з пацярпелых Тацяна расказала журналістам, што ейны сын расказваў пра выпадкі, калі старшаклясьнікі забіраюць у малодшых ежу, шампуні, могуць узяць нават чужое сподняе.
«Каб паесьці або адсьвяткаваць дзень народзінаў, яны зачыняюцца ў пакоі і выключаюць сьвятло. Гэта нармальна?» — пытаецца маці пацярпелага.
Пасьля таго як выявіліся выпадкі дзедаўшчыны, дырэктара Горадзенскай вучэльні алімпійскага рэзэрву Тадэвуша Калошыча, пры якім яны адбываліся, звольнілі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аляксандар Рыгоравіч, у вас жа сваіх трое сыноў». Маці загінулага салдата напісала Лукашэнку