Беларускія праваабаронцы занепакоеныя тым, што барацьбой з экстрэмізмам улады часта прыкрываюць парушэньне фундамэнтальных свабод і правоў чалавека.
Такія ацэнкі прагучалі на міжнароднай канфэрэнцыі «Супрацьдзеяньне экстрэмізму і правы чалавека», якая з 4 чэрвеня праходзіць у Менску.
Свабода адабрала 5 фактаў з дакладу, які сумесна падрыхтавалі беларускія праваабарончыя арганізацыі «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт (БХК), Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і Human constanta.
1. Справа блогера Эдуарда Пальчыса
У Беларусі павялічылася колькасьць крымінальных спраў, заведзеных паводле 130-га артыкулу Крымінальнага кодэксу, якім прадугледжана адказнасьць за распальваньне варожасьці. Звычайна гэта базуецца на падставе прызнаньня экстрэмісцкімі матэрыялаў, зьмешчаных у інтэрнэце ці друкаваных СМІ. Паводле беларускіх правабаронцаў, апошнім часам такіх спраў заводзіцца да 10 штогод, і ў асноўным яны даводзяцца да суду. Праваабаронцы лічаць большасьць зь іх палітычна матываванымі.
Яскравы прыклад — справа блогера Эдуарда Пальчыса, якога ў 2016 годзе асудзілі на 1 год і 9 месяцаў абмежаваньня волі за 9 артыкулаў, разьмешчаных на сайце 1863x.com. Аўтары дакладу прызналі гэтыя артыкулы «дапушчальнай формай выказваньня сваёй думкі», за што, на іх думку, нельга перасьледаваць у крымінальным парадку. У разрад палітычна матываваных спраў паводле 130-га артыкулу КК праваабаронцы таксама аднесьлі справу аўтараў сайту «Рэгнум».
2. Справа аб сымбалях, якія разьмясьціў Мікалай Дзядок
Праваабаронцы адзначаюць таксама рост колькасьці адміністрацыйных спраў за дэманстрацыю нацысцкай сымболікі. У разрад парушальнікаў празь неправамернае прыцягненьне да адказнасьці трапляюць і тыя, хто папраўдзе змагаецца з такой сымболікай і такой ідэалёгіяй. У якасьці прыкладу прыводзіцца справа Мікалая Дзядка, якога ў ліпені 2018 году судзілі за 3 артыкулы, разьмешчаныя на старонцы ў «Фэйсбуку». У адным з выпадкаў скрыншот тэксту і сымбаль, падобны да нацысцкай свастыкі, з саркастычным подпісам пад імі. «Мэтай гэтай публікацыі было высьмеяць абсурдную канцэпцыю «нацыянал-анархізму», — лічаць праваабаронцы.
Неправамерным палічылі праваабаронцы і працягненьне аўтара да адказнасьці за яшчэ два артыкулы. Суд аштрафаваў Мікалая Дзядка на 10 базавых велічынь — 245 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы прысуд за хэштэг». Міколу Дзядка аштрафавалі на 1020 рублёў за флэшмоб #яэкстрэміст3. Справы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Паводле аўтараў дакладу, у Беларусі вырасла і колькасьць прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Праваабаронцам вядомыя 17 такіх спраў за апошнія два гады.
Яны прааналізавалі Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (РСЭМ), на якія былі спасылкі ў судовых рашэньнях. Такіх рашэньняў на канец красавіка 2019 году аказалася 138, а ўсяго ў сьпісе налічваецца каля 600 матэрыялаў, і ён павялічваецца. Напрыклад, нядаўна стала вядома аб прызнаньні экстрэмісцкім аднаго з апавяданьняў Славаміра Адамовіча. Сьпіс складаецца з 2008 году, і, паводле праваабаронцаў, за гэты час назіраліся наступныя тэндэнцыі:
- да 2008 году ў сьпіс траплялі выключна матэрыялы «апазыцыйнай і прабеларускай скіраванасьці», якія дзяржава лічыла неадпаведным афіцыйнай ідэалёгіі;
- у 2010-м сьпіс не папаўняўся. Тады назіраўся кароткі пэрыяд «лібэралізацыі», які прыпаў на час паляпшэньня стасункаў з Захадам;
- 2011 год — заканчэньне «адлігі». Закрыцьцё «Аўтарадыё» за разьмяшчэньне перадвыбарчых матэрыялаў кандыдатаў на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева, якія прызналі «заклікамі да экстрэмізму»;
- 2012 год — упершыню прызналі экстрэмісцкай рэлігійную літаратуру;
- з 2016 году рэзкі рост прызнаньня экстрэмісцкімі матэрыялаў, разьмешчаных у інтэрнэце. Сярод іх значная частка з антырасейскім кантэнтам.
4. Папраўкі ў законы для барацьбы зь непажаданым кантэнтам
Заканадаўчай базай для барацьбы з пэўным кантэнтам у інтэрнэце беларускія праваабаронцы называюць указ Аляксандра Лукашэнкі № 60 ад 2010 году, а таксама папраўкі ў Закон аб СМІ, прынятыя ў 2014-м і 2018 гадах. Гэтыя нарматыўныя дакумэнты значна пашырылі падставы для блякаваньня сайтаў і іх фільтрацыі. Але, як лічаць праваабаронцы, часта гэта парушае правы людзей на атрыманьне інфармацыі.
«Судовы парадак разгляду спраў аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкай не прадугледжвае абавязковага паведамленьня і ўдзелу ўласьнікаў інфармацыйных рэсурсаў, на якіх прадукцыя разьмешчаная. Гэта прыводзіць да таго, што ў далейшым немагчыма абскардзіць блякаваньне на матэрыяльных падставах», — адзначаюць праваабаронцы яшчэ адну хібу беларускага заканадаўства.
5. Экспэртыза кніг Алеся Бяляцкага
Праваабаронцы адзначаюць, што мытня Беларусі мае права затрымліваць інфармацыйную прадукцыю, якую правозяць празь мяжу, і часта злоўжывае гэтым правам — пэўная прадукцыя ў выніку прызнаецца экстрэмісцкай з палітычных прычын. Як прыклад быў прыведзены выпадак з кнігамі праваабаронца, былога палітвязьня Алеся Бяляцкага, якія ў 2014 годзе не прапусьціла празь мяжу Ашмянская мытня. Пазьней экспэртная камісія знайшла ў творах Алеся Бяляцкага прыкметы «антысаветызму і нацыяналізму». Аспрэчыць рашэньне праз суд праваабаронцу не ўдалося.
Якіх зьменаў варта чакаць?
З 2018 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу разглядае папраўкі ў закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Паводле зьвестак, якія атрымалі ўдзельнікі праваабарончай канфэрэнцыі, у Палату прадстаўнікоў ужо паступілі папраўкі для другога чытаньня.
«Зьявіўся дапрацаваны дакумэнт законаў, які накіраваны ў Палату прадстаўнікоў для другога прачытаньня і галасаваньня. Я азнаёміўся з гэтымі зьменамі і адзначаю, што там засталіся вельмі агульныя і расплывістыя фармулёўкі, а сярод станоўчых зьменаў можна адзначыць толькі ануляваньне прапановы аб прызнаньні нацысцкімі дзеяньні і сымболіку арганізацый і асоб, якія супрацоўнічалі падчас Другой сусьветнай вайны з палітычнымі і ваеннымі арганізацыямі, ужо прызнанымі нацысцкімі. Працэс прыняцьця зьменаў у заканадаўства дастаткова трывожны. Няма ніякай грамадзкай дыскусіі, у СМІ не даецца ніякай інфармацыі, усё робіцца пад заслонай тайны», — адзначыў на канфэрэнцыі старшыня БХК Алег Гулак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага сярод ночы за абрэвіятуру ў Facebook аштрафавалі на 1020 рублёў