У ААН назвалі бруднае паветра парушэньнем правоў чалавека. Як з гэтым у Беларусі?

Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу», 29 красавіка 2018 году, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі з гэтым ужо сур’ёзныя праблемы: бруднае паветра адбірае год жыцьця, а можа стаць і горш. Каб так не адбылося, Беларусі дапамагае Праграма разьвіцьця ААН.

Дэвід Бойд, спэцыяльны дакладчык ААН аб праблемах правоў чалавека і навакольнага асяродзьдзя, заявіў, што незабруджанае паветра зьяўляецца ключавым кампанэнтам права чалавека на здаровае асяродзьдзе (як і чыстая вада, здаровая ежа або адэкватная сыстэма каналізацыі).

Кожныя 5 сэкундаў нехта ў сьвеце заўчасна памірае ад хваробаў, выкліканых брудным паветрам
ААН

5 чэрвеня ў сьвеце адзначаецца Дзень навакольнага асяродзьдзя, сёлета яго тэмай стала барацьба з забруджаньнем паветра. Праз гэтую праблему, створаную чалавецтвам, штогод памірае каля 7 млн чалавек, зь якіх 600 тысяч — дзеці. Лічыцца, што забруджаным у той ці іншай ступені паветрам дыхае 90% чалавецтва.

Няздольнасьць урадаў забясьпечыць насельніцтву якаснае паветра, заявіў Бойд, гэта «парушэньне правоў на жыцьцё, здароўе і дабрабыт, а таксама права на жыцьцё ў здаровай абстаноўцы».

Як з паветрам у Беларусі?

Кепска. У дакладзе Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) 2016 году Беларусь аказалася на трэцім месцы ў сьвеце паводле адноснай колькасьці сьмерцяў ад хваробаў, зьвязаных з брудным паветрам: на 2012 год налічылі каля 100 выпадкаў сьмерцяў на 100 тысяч чалавек. Горш толькі ў Баўгарыі і Ўкраіне.

Паводле дасьледаваньня 2018 году, ад бруднага паветра сярэдняя працягласьць жыцьця беларуса скарачаецца на 347 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць якіх шкодных вытворчасьцяў пратэставалі беларусы і чаго дамагліся. МАПА

Праблема тычыцца і Менску (які нядаўна зноў назвалі найгоршым буйным горадам Эўропы ў якасьці жыцьця ў тым ліку з экалягічных прычын), і ў іншых рэгіёнах.

Напрыклад, на бруднае паветра скардзяцца жыхары Крычаўскага раёну, дзе працуюць два цэмэнтныя заводы; супраць «сьмярдзючага» заводу пратэстуюць у Сьветлагорску, цэлы год цягнуцца пратэсты берасьцейцаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Найгоршым называюць паветра на вуліцы Барыкіна ў Гомлі і Маладзёжнай у Наваполацку, а таксама раён Трактарнага заводу ў Менску, цэхі якога адмаўляюцца выносіць за горад.

Ці ня стане горш?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія гады сытуацыя з выкідамі шкодных рэчываў у паветра Беларусі не пагоршылася, а зь сярэдзіны 1990-х нават палепшылася — стала менш выкідаў ад аўтатранспарту. Канцэнтрацыя аксыду вугляроду і дыяксыду азоту застаецца адносна стабільнай, а спажываньне азонаразбуральных рэчываў нават у разы зьменшылася за апошнія 10 гадоў.

Улады сьцьвярджаюць, што ад рэалізацыі «паветраахоўных захадаў» ёсьць станоўчая дынаміка. Так, за мінулы год у выніку 177 такіх захадаў скарацілі шкодныя выкіды на 5500 тон (усяго гэтых выкідаў больш за мільён тон за год — за 2017-ы мабільныя крыніцы далі 787 тысяч тон выкідаў, стацыянарныя — 453 тысячы тон). Сьцьвярджаецца, што зьніжэньню выкідаў таксама істотна спрыяюць мадэрнізацыя ачышчальных установак на прадпрыемствах і ўжываньне аднаўляльных крыніцаў энэргіі.

Чарнобыльскі шлях – 2018, ілюстрацыйнае фота

Беларусь яшчэ не ратыфікавала Пратакол аб рэгістрах выкідаў, Пратакол аб лятучых арганічных злучэньнях, цяжкіх мэталах і Пратакол аб барацьбе з падкісьленьнем. Але цяпер вядзецца праца над іх ратыфікацыяй, адзначаецца ў прэс-рэлізе Праграмы разьвіцьця ААН.

«Калі мы параўнаем выкіды шкодных рэчываў у атмасфэру на душу насельніцтва ў Беларусі і ў Эўропе, то ў нас выкідваецца 130 кг на чалавека за год, у Эўропе — 80 кг, пры тым, што там шчыльнасьць насельніцтва, а значыць, і колькасьць крыніц выкідаў, вышэйшая, — расказвае Аляксандар Грабянькоў, кіраўнік экспэртнай групы Human Dynamic, якая займаецца праграмай паляпшэньня якасьці паветра ў Беларусі на грошы Эўразьвязу. — Таму мы арыентуемся на найлепшыя практыкі і стандарты нашых суседзяў у стварэньні ўмоваў, калі якасьць атмасфэрнага паветра паляпшаецца».

Па выніках гэтай праграмы, што завецца SAQEM, чакаюць паляпшэньня тэхнічнай базы краіны па маніторынгу якасьці паветра (як цяпер вядзецца маніторынг, можна пабачыць на сайце Рэспубліканскага цэнтру мэтэаралёгіі), а таксама ўцягненьня грамадзтва ў прыняцьце экалягічных рашэньняў, стварэньня «Зялёных школаў» і іншага.

Чакаецца, што прадухіліць вялікую частку выкідаў вуглякіслага газу за кошт аднаўленьня няўдала асушаных і папсаваных балотаў, а ў Полацку і Наваполацку атрымаецца істотна зьнізіць выкіды CO2 за кошт павышэньня эфэктыўнасьці гарадзкога транспарту.