На перамовах у Менску Ўкраіну ўпершыню прадставяць прызначэнцы Зяленскага

Леанід Кучма, які ўзначаліць дэлегацыю Ўкраіны на сустрэчы

5 чэрвеня ў Менску адбудзецца першая сустрэча трохбаковай кантактнай групы мірнага ўрэгуляваньня ў Данбасе пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне. Дэлегацыю Ўкраіны на гэтай сустрэчы ўзначаліць другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які вернецца на працу ў менскую групу пасьля васьмімесячнай паўзы.

У гуманітарнай падгрупе, якая абмяркоўвае, у прыватнасьці, вызваленьне затрыманых, Украіну будзе прадстаўляць экс-амбудсмэн Валерый Луцкоўскі, які таксама мае досьвед працы ў трохбаковай кантактнай групе.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 4 чэрвеня ў Брусэлі абвясьціў, што нядаўна прызначаны начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Руслан Хамчак возьме ўдзел у пасяджэньні групы 5 чэрвеня.

Трохбаковая кантактная група ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе ў сераду ў Менску абмяркуе пытаньне прыпыненьня агню ды абмену палоннымі, паведаміў Уладзімір Зяленскі на сумесным брыфінгу з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам у Брусэлі, дадаўшы, што Ўкраіна будзе актыўна працаваць у гуманітарных і эканамічных пытаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: нязьменны стратэгічны прыярытэт Украіны — сяброўства ў Эўразьвязе і NATO

3 чэрвеня Ўладзімір Зяленскі заявіў, што другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма зноў будзе прадстаўляць Кіеў у трохбаковай кантактнай групе.

Замірэньні, пра якія дамаўляліся на сустрэчах трохбаковай кантактнай групы ў Менску, парушаліся амаль адразу. Апошнім часам нават такіх дамоўленасьцяў дасягаць не ўдавалася альбо расейскія гібрыдныя сілы заяўлялі, што адмяняюць іх у аднабаковым парадку. Пры гэтым бакі адмаўляюць віну ў парушэньнях і абвінавачваюць праціўнікаў у правакацыях.

Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году пасьля расейскай акупацыі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў збройнай падтрымцы баевікоў. Крэмль адхіляе гэтыя абвінавачаньні і заяўляе, што ў Данбасе могуць быць расейскія «добраахвотнікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі вярнуў Кучму ў Менскі працэс

Паводле дадзеных ААН, па стане на канец сьнежня 2018 году падчас канфлікту з усіх бакоў было забіта каля 13 тысяч чалавек, амаль 30 тысяч былі параненыя.

Трохбаковай кантактнай групай зьяўляецца ўпаўнаважаная група прадстаўнікоў Украіны, АБСЭ і Расеі для мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.