Зяленскі: нязьменны стратэгічны прыярытэт Украіны — сяброўства ў Эўразьвязе і NATO

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) падчас супольнага брыфінгу з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам у Брусэлі 4 чэрвеня

Курс на здабыцьцё паўнапраўнага сяброўства ў Эўразьвязе і NATO застаецца нязьменным замежнапалітычным прыярытэтам Украіны, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас супольнага брыфінгу з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам у Брусэлі 4 чэрвеня, піша «Голас Амэрыкі».

«Стратэгічны курс Украіны — на набыцьцё паўнапраўнага сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе і NATO. Гэта замацавана ў Канстытуцыі Ўкраіны і застаецца нашым нязьменным замежнапалітычным прыярытэтам», — цытуе словы прэзыдэнта Ўкраіны ягоная прэс-служба.

Уладзімір Зяленскі таксама адзначыў, што рух Украіны да высокіх эўрапейскіх стандартаў жыцьця і бясьпекі зьяўляецца патрабаваньнем украінскага грамадзтва.

«Гэта зьяўляецца мэтай усіх нашых рэформаў — павышэньне ўзроўню жыцьця ўкраінцаў, выкараненьне карупцыі і мадэрнізацыя ўсёй дзяржавы. Гэта магчыма зрабіць, толькі гарантаваўшы нацыянальную бясьпеку», — адзначыў прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі сустрэўся са Столтэнбэргам у штаб-кватэры NATO

Ён дадаў, што Ўкраіна гатовая выконваць менскія дамоўленасьці, але ў першую чаргу яна павінна быць здольная «абараніць сябе, стаць мацнейшай эканамічна, палітычна і ў вайсковым пляне».

Прэзыдэнт Украіны падзякаваў за палітычную і практычную падтрымку, якую Ўкраіна атрымлівае ад Паўночнаатлянтычнага альянсу і саюзьнікаў, і сказаў, што вельмі хоча «надаць новы імпульс адносінам Украіны з Альянсам».

«Узброеная агрэсія Расеі застаецца асноўным выклікам для эўраатлянтычнай бясьпекі. Сярод агульных задач — стабільнасьць і бясьпека ў Чорным моры, што патрабуе дадатковых намаганьняў Альянсу», — падкрэсьліў Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што пасьпеў зрабіць Зяленскі за два тыдні прэзыдэнцтва

Ён прывітаў прыняцьце саюзьнікамі рашэньня аб узмацненьні чарнаморскай бясьпекі і дапамогі ва ўмацаваньні магчымасьцяў Вайскова-марскіх сіл Украіны, і сказаў, што спадзяецца аднавіць рэгулярны дыялёг у рамках камісіі Ўкраіна — NATO на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, а таксама міністраў абароны і замежных спраў.

Са свайго боку генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падкрэсьліў, што Ўкраіна зьяўляецца надзейным партнэрам Альянсу.

«Украіна вельмі каштоўны партнэр NATO. Вы робіце ўнёсак у нашы місіі ў Аўганістане і Косаве, нават калі ў вас праблемы дома. Многія вучэньні мы праводзім разам. Гэта паказвае вялікую адданасьць Украіны пытаньням нацыянальнай бясьпекі», — сказаў Енс Столтэнбэрг.