Фэдэральная служба бясьпекі Расеі запатрабавала ад «Яндэксу» ключы для дэшыфроўкі зьвестак карыстальнікаў сэрвісамі «Яндэкс. Пошта» і «Яндекс. Дыск». Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы. Сваё патрабаваньне ФСБ накіравала некалькі месяцаў таму. Але, як сьцьвярджаюць суразмоўцы выданьня, «Яндэкс» яго ня выканаў, хоць паводле закону на гэта адводзіцца ня больш за дзесяць дзён.
Сэрвісы «Яндэкс. Пошта» і «Яндекс. Дыск» знаходзяцца ў рэестры арганізатараў распаўсюджваньня інфармацыі. Згодна з «законам Яравой», які ўступіў у сілу летам 2016 году, яны абавязаны па патрабаваньню ФСБ перадаваць ёй такую інфармацыю. У адваротным выпадку рэсурсы могуць заблякаваць. Раней за аналягічную адмову быў заблякаваны Telegram.
У «Яндэксе» лічаць, што ФСБ занадта шырока трактуе норму «закона Яравой», і адмаўляюцца перадаць спэцслужбе ключы для дэшыфроўкі паведамленьняў карыстальнікаў, паколькі яны могуць даць доступ да пароляў ўсіх сэрвісаў сыстэмы, што «нясе значныя рызыкі ў пляне бясьпекі». Ключы шыфраваньня дазваляюць таксама сачыць за паводзінамі карыстальніка, у прыватнасьці, бачыць, хто і якія зьвесткі запампоўваў ў тым ці іншым сэрвісе, адзначыў адзін з экспэртаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яндэкс» зноў выдаў прыватную інфармацыю — цяпер з расейскіх банкаў і транспартных кампаніяўПаводле суразмоўцы РБК, у «Яндэксе» лічаць, што супрацоўніцтва з ФСБ можа прывесьці да адтоку карыстальнікаў і грашовых стратаў. Пры гэтым раней «Яндэкс» падазравалі ў аказаньні дапамогі расейскім спэцслужбам. Пра гэта, у прыватнасьці, заяўляла Служба бясьпекі Ўкраіны, паводле якой «Яндэкс» незаконна зьбіраў і перадаваў ФСБ пэрсанальныя зьвесткі украінскіх вайскоўцаў, якія служылі на Данбасе.
Акрамя гэтага «Яндэкс» абвінавачвалі ў цэнзуры пры асьвятленні акцый пратэсту. Напрыклад, падчас антыкарупцыйнага мітынгу 26 сакавіка 2017 году навіна пра іх на сайце «Яндэкса» зьявілася толькі празь некалькі гадзін пасьля пачатку акцыі ў Маскве. У кампаніі тады назвалі гэта «памылкай» альгарытму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яндэкс» часова раскрыў прыватныя дакумэнты карыстальнікаў Google«Яндэкс» — адна з найбуйнейшых у сьвеце пошукавых сыстэм па колькасьці запытаў. У Расеі сайт «Яндэксу» на першым месцы па папулярнасьці. Капіталізацыя кампаніі складае амаль 12 мільярдаў даляраў. Пры гэтым афіцыйна «Яндэкс» зарэгістраваны ў Нідэрляндах.
Раней ФСБ патрабавала даць ёй ключы шыфраваньня ад мэсэнджэра Telegram. Але сацсетка адмовілася гэта зрабіць. З 16 красавіка паводле судовага рашэньня мэсэнджэр блякуюць у Расеі. Паколькі Telegram стаў выкарыстоўваць для абыходу блякіроўкі сэрвэры амэрыканскіх кампаній Amazon і Google, Роскомнадзор пачаў абмяжоўваць доступ і да іх. Заблякаванымі аказаліся амаль 20 мільёнаў адрасоў. Пры гэтым сам Telegram працягвае працаваць.