Нацыянальную бібліятэку Беларусі эвакуавалі на 15 хвілінаў, бо «ў рэстарацыі падсмажылі бліны»

Нацыянальная бібліятэка Беларусі, эвакуацыя наведнікаў, 3 чэрвеня 2019 году

З будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што на паўночным усходзе Менску, удзень 3 чэрвеня эвакуавалі наведнікаў. Але неўзабаве пасьля пачатку эвакуацыі наведнікаў сталі пускаць назад — усё цягнулася каля 10–15 хвілінаў.

У чым прычына, не абвяшчалася — самі супрацоўнікі кажуць карэспандэнту Свабоды, што ня ведаюць, зь якой нагоды праводзіцца эвакуацыя. Прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі сказаў Свабодзе, што таксама ня мае зьвестак аб прычынах эвакуацыі.

Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі ў эканоміцы, рэжыме эксплюатацыі будынка і абсталяваньня Станіслаў Касьпяровіч заявіў Свабодзе, што «эвакуацыі не было».

«У рэстаране падсмажылі бліны, было крыху задымленьне, спрацавала сыгналізацыя, — растлумачыў ён. — Пажарных не выклікалі. Магчыма, нехта і выбег. Але адразу далі каманду „адбой“».

***

Сёлета ў Беларусі надзвычай высокая колькасьць фальшывых паведамленьняў пра бомбы. За цэлы мінулы год было 23 такія паведамленьні, за першыя чатыры месяцы бягучага году ўжо 19. Праваахоўнікі абавязаныя правяраць любое такое паведамленьне, колькі б не было сумневаў у праўдзівасьці зьвестак.

За «заведама непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку» крымінальная адказнасьць надыходзіць з 14 гадоў. Паводле ч.1 арт. 340 КК РБ можа пагражаць штраф, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў або да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Калі ад паведамленьня былі цяжкія наступствы або шкода ў буйным памеры, або калі паведамленьне ладзілася групай асобаў паводле папярэдняй змовы, або калі чалавек рабіў гэта паўторна, паводле ч.2 арт. 340 КК РБ можа пагражаць ад 3 да 7 гадоў турмы.