Суд Першамайскага раёну Менску 30 траўня аштрафаваў сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольгу Кавалькову на 382,5 рубля за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 26 красавіка.
Пра гэта палітык напісала ў сваім фэйсбуку.
Усяго пакаралі 6 чалавек
Раней пакаралі 5 удзельнікаў акцыі:
- Юлію Ляшкевіч (510 рублёў),
- Дзьмітрыя Кучука (510 рублёў),
- Тацяну Барэль (328,5 рубля),
- Сяргея Чалага (328,5 рубля),
- невядомага маладога чалавека з плякатам (255 рублёў).
Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў таксама атрымаў для азнаямленьня складзены на яго пратакол за 26 красавіка.
«Яшчэ не праглядаў, на мяне шмат пратаколаў», — сказаў тады Свабодзе Мікалай Казлоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарнобыльскім шляхам» прайшлі каля 30 чалавекНа ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску штогод ад 1989 году традыцыйна праходзіў Чарнобыльскі шлях — акцыя памяці ладзілася без удзелу дзяржавы, але ўлады амаль заўсёды дазвалялі яе. Заяўку на мітынг і шэсьце ў 2019 годзе адклікалі празь нежаданьне плаціць міліцыі за абавязковую ахову. Акцыя прайшла несанкцыянавана, але затрыманьняў не было.
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.