Калегія Вярхоўнага суду Беларусі пакінула ў сіле прысуд Менскага гарадзкога суду ў дачыненьні былога дырэктара РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандра Бялецкага, якога ў лютым прызналі вінаватым у хабарніцтве і асудзілі на 7,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Лічыцца, што прысуд набыў моц. Сваякі акадэміка ад камэнтароў адмовіліся. На пытаньне, ці будзе падавацца новая скарга на прысуд, толькі адказалі: «А які сэнс? Вы ж самі ўсё бачылі».
Асуджанага на разгляд скаргі не прывезьлі. Напэўна, да разгляду апэляцыі Аляксандра Бялецкага ўтрымлівалі ў Менскім сьледчым ізалятары. Пад варту яго ўзялі 15 лютага ў судовай залі, раней у часе працэсу ён быў пад хатнім арыштам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны за хабар Бялецкі, у якога знайшлі паўмільёна даляраў, застаўся акадэмікамЗа што 7 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Паводле сьледзтва, працуючы дырэктарам РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, Аляксандар Бялецкі неаднаразова атрымліваў хабары ад прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадараньня за магчымасьць пастаўляць ў цэнтар мэдыцынскае абсталяваньне.
Сьледзтва сьцьвярджала, што ў 2016 годзе Бялецкі атрымаў 1 тысячу эўра, у 2017-м — 3 тысячы даляраў і 1 тысячу эўра, у 2018-м — яшчэ 2 тысячы эўра. Пры гэтым пасьля арышту Бялецкага летась КДБ заявіла, што ў акадэміка знайшлі каля 500 тысяч даляраў. Сёньня ў Вярхоўным судзе гэтыя сумы збольшага пацьвердзіліся.
Прагучалі зьвесткі пра арыштаваную ў Бялецкага маёмасьць і грашовыя сродкі, сярод якіх дом у Ратамцы, кватэра ў Менску, гараж, 364 тысячы даляраў ЗША на рахунку ў банку, яшчэ 126 тысяч даляраў гатоўкай, аблігацыі на15 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа мэдыкаў»: акадэміку Бялецкаму прысудзілі 7,5 года. Сьпіс канфіскаванагаАдвакаты прасілі адмены прысуду
Акадэміка Бялецкага на разглядзе ягонай скаргі ў Вярхоўным судзе абаранялі адвакаты Марыя Севярын і Сяргей Буякевіч. Абое сьцьвярджалі, што віна Бялецкага ў хабарніцтве ў судзе першай інстанцыі не была даказаная, і таму справу супраць яго трэба спыніць, а прысуд адмяніць як незаконны.
Марыя Севярын падрабязна спынілася на эпізодзе, у якім прадстаўнік фірмы «Мідысфэра» Ранчынскі перадаў Бялецкаму грошы. Паводле абаронцы, Ранчынскі быў знаёмы зь Бялецкім каля 20 гадоў, у іх склаліся сяброўскія стасункі, у тым ліку яны віншавалі адзін аднаго са сьвятамі.
«Нічога няма дзіўнага, што грошы, якія перадаваў Ранчынскі, Бялецкі меў права ўспрымаць як падарункі», — лічыць адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамог Шакуцін», — падсудны мэдык Бялецкі патлумачыў, адкуль узяліся 500 тысяч даляраўАдвакат таксама спаслалася на сьведак зь ліку адказных супрацоўнікаў РНПЦ, якія давалі, на яе думку, пасьлядоўныя паказаньні пра тое, як заключаюцца і выконваюцца дамовы аб пастаўках матэрыялаў і абсталяваньня. Паводле Марыі Севярын, гэтыя зьвесткі даказваюць, што Бялецкі ня мог сам, у абыход правілаў, паўплываць на вынікі тэндэраў і выплату грошаў па дамовах.
Сяргей Буякевіч таксама прасіў судзьдзяў Вярхоўнага суду адмяніць прысуд як незаконны. У эпізодзе, дзе Бялецкаму ў якасьці падарунку перадалі пакет са сьпіртным, паводле адваката, ён ня мог ведаць пра тое, што там яшчэ знаходзяцца і грошы.
«Ніводзін з падарункаў не ўручаўся яму пад абавязаньне пэўных дзеяньняў у інтарэсах тых асобаў, якія давалі гэтыя падарункі», — заўважыў пра Бялецкага адвакат.
Таксама адвакат пералічыў заслугі і рэгаліі акадэміка Аляксандра Бялецкага. На думку адваката, такі чалавек ня мог зрабіць тое, што яму інкрымінуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «500 тысяч даляраў у гаражы і схованках». У «справе мэдыкаў» судзяць акадэміка БялецкагаПазыцыя пракуратуры не зьмянілася
Пракурор Сяргей Гергель заявіў, што віна Бялецкага ў атрыманьні хабараў несумненная: ён цалкам разумеў, за што яму перадавалі грошы, і рабіў як службовая асоба ўсе неабходнае, каб выканаць тое, за што браў хабар.
«Бялецкі 5 разоў ставіў подпісы, безь якіх немагчыма прасоўваць выкананьне дамовы. Сапраўды, дзеяньні выконваліся таксама ў інтарэсах РНПЦ, але ён атрымліваў за гэта хабары», — пракамэнтаваў пракурор адзін з эпізодаў справы.
Сяргей Гергель згадаў, што на сьледзтве Бялецкі прызнаваў атрыманьне менавіта хабараў, а тое, што на судзе зьмяніў паказаньні, пракурор назваў спробай ухіліцца ад адказнасьці.
Палічыў пракурор Гергель даказаным як хабарніцтва і эпізод з атрыманьнем Бялецкім ад Шалькевіч зь «Белрэамэду» пакета са сьпіртным, у якім быў канвэрт з далярамі.
«Ён жа потым, як знайшоў грошы, не заявіў пра іх у праваахоўныя органы, а пакінуў сабе. Значыць, разумеў, за што браў», — заявіў пракурор.
У спрэчках на працэсе ў Менскім гарадзкім судзе пракурор папрасіў для Аляксандра Бялецкага 7,5 года зьняволеньня, і потым гэтая лічба засталася ў вынесеным прысудзе. Калегія Вярхоўнага суду таксама ў сваім рашэньні не разышлася зь меркаваньнем пракурора.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.