20 гадоў таму, 30 траўня 1999 году, Ганна з кампаніяй аднакляснікаў вырашыла пайсьці на сьвята піва на Нямізе. Тады ёй было 17, яна заканчвала школу. У той вечар здарылася адна з самых страшных трагедый у гісторыі сувэрэннай Беларусі. Свабода пагаварыла зь відавочцай цісканіны ў мэтро, падчас якой загінулі 53 чалавекі.
«Такіх маштабных падзей у той час не было, — успамінае Ганна, якой сёньня 37. — Таму для нас усё было ў навінку. Людзі пілі шмат алькаголю. Весяліліся. У асноўным на сьвята прыйшла моладзь і людзі сярэдняга ўзросту, многія прыходзілі зь дзецьмі».
30 траўня 1999 году радыё «Мір» вырашыла адзначыць сваё двухгодзьдзе сьвятам з канцэртам і розыгрышам прызоў. Дзесяць накрывак ад цыгарэт бясплатна мянялі на паўлітра піва. Папулярны тады расейскі гурт «Манга-Манга» адыграў дзьве песьні перад шматтысячным натоўпам. У 20.25 пачаўся моцны дождж.
«Рэзка сьцямнела, пасыпаўся град, — кажа Ганна. — Я была ў тонкай кашулі. Градзіны памерам зь перапёлчына яйка балюча білі па целе. Паблізу не было хованак і тэнтаў. Хоць было цёпла, але людзі ўсё роўна шукалі, дзе схавацца. Хто пасьпеў, схаваўся пад мостам каля Сьвіслачы. Але месца там было няшмат».
Ганна зь сябрамі спачатку пабеглі пад мост, а потым вырашылі ісьці ў мэтро і ехаць па хатах. Ужо ля мэтро Юры, сябар Ганны, сказаў: «Стойце, там жа натоўп! Нас раздушаць!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны архітэктар Менску параіў хутчэй забыць імёны ахвяраў», — аўтарка кнігі пра трагедыю на Нямізе
Ля ўваходу ў мэтро пабачылі, як праз натоўп перадаюць людзей. «Убачыла маладога хлопца, зусім сіняга. Ён задыхаўся. Я тады яшчэ падумала: «Кашмар! Гэта як трэба сьціснуць чалавека, каб ён ня мог удыхнуць?», — прыгадвае Ганна.
Толькі потым дзяўчына даведалася, што загінулі 53 чалавекі і больш за сотню пацярпелі.
«Тады здавалася, што гэта бясконцая плынь. Выносілі не адну сотню людзей. Ажыве ці не ажыве, было зусім не відавочна».
Пацярпелых перадавалі зьверху. Уніз не спускаліся. Тых, хто падаваў прыкметы жыцьця, ля самага выхаду бралі за рукі і ногі і ў такіх позах несьлі ў машыны «хуткіх».
«У мяне спрацаваў нейкі ахоўны мэханізм, — кажа дзяўчына. — Я глядзела на ўсё, нібы гэта адбываецца не са мной, а ў кіно. Эмоцый амаль не было. Памятаю, як дапамагалі адной пацярпелай жанчыне дабрацца да “хуткай”. Тая ўсё пыталася, дзе яе сын. І вось прайшло 20 гадоў, а гэта «Дзе мой сын? Дзе мой Женечка?» моцна ўрэзалася ў памяць».
Машыны хуткай дапамогі запаўняліся імгненна. Прыяжджалі па дзьве-тры, і каля іх выстройваліся чэргі, кажа відавочца.
«Раптам у натоўпе сказалі: «Ня трэба несьці ў “хуткую” тых, хто ўжо зусім ня дыхае, каб не займаць месца і ратаваць жывых». Целы загінулых клалі каля елачак. Там была цэлая гара», — успамінае Ганна.
Дзьверы мэтро падчас цісканіны былі зачыненыя. Людзі прасілі іх упусьціць, але работнікі мэтрапалітэну вырашылі, што людзі будуць скакаць праз турнікеты і падаць на рэйкі. Таму яны задыхаліся.
Усе рэагавалі па-рознаму: страта кантролю, шок, не маглі нічога гаварыць, кагосьці трэсла.
Сяброўка Ганны не дапамагала санітарам: ад убачанага яе ванітавала. «Глядзі, гэта чыйсьці красовак. Дзе ягоны гаспадар?», — перапытвала яна, і яе адразу выварочвала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра трагедыю на Нямізе, у якой загінулі 53 чалавекі«Гэта быў не натоўп. Гэта быў статак, — кажа Ганна. — З гэтай трагедыі варта зрабіць простую выснову: не паддавацца натоўпу. Але, напэўна, у жыцьці так гэта не працуе».
Пасьля трагедыі ў Ганны зьявілася боязь натоўпаў людзей. «Цяпер я ведаю, на што здольны натоўп, — кажа яна. — Таму на вялікіх канцэртах адыходжу ўбок, асабліва калі бракуе паветра. Трагедыя на Нямізе — гэта яшчэ і павучальная гісторыя. Натоўп — гэта тое, дзе ўжо ніхто нічога не можа зрабіць, нават калі б сам гэтага вельмі хацеў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра трагедыю на Нямізе, у якой загінулі 53 чалавекі