Жыхары Паўночнай Карэі вымушаныя зьвяртацца да хабараў, каб забясьпечыць сябе харчамі і атрымаць прадметы першай неабходнасьці, што бязьмерна пашырыла карупцыю ў дзяржапараце КНДР.
Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе Ўпраўленьня ААН у правах чалавека (UN Human Rights Office), які грунтуецца на паказаньнях 214 перабежчыкаў з КНДР у Паўднёвую Карэю і на інфармацыі, перададзенай установамі ААН, якія маюць доступ у Паўночную Карэю.
Як гаворыцца ў дакладзе, сыстэма дзяржаўнага разьмеркаваньня, што склалася пасьля голаду сярэдзіны 1990-х, які забраў жыцьці сотняў тысяч людзей, жорстка абмежавала магчымасьці весьці якую-небудзь прадпрымальніцкую дзейнасьць і стала караць за любую ініцыятыву ў гэтым кірунку. Людзі, якія спрабуюць зарабляць на жыцьцё ў нелегальнай паралельнай эканоміцы, «трапляюць у небясьпеку адвольных арыштаў, затрыманьняў і вымаганьняў».
Уся сыстэма заснаваная на нефармальнай, але шырока распаўсюджанай практыцы подкупу дзяржаўных службовых асоб, якія могуць дазволіць людзям абыходзіць дзяржаўныя патрабаваньні і нормы, каб працаваць у прыватным сэктары і пазьбегнуць арышту, падкрэсьліваецца ў дакладзе ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя зрабіла выпрабаваньне тактычнай ракетыЗгодна з дакладам, фундамэнтальныя правы людзей у КНДР шырока парушаюцца. Па дадзеных структур ААН, якія дзейнічаюць у КНДР, у 2019 годзе каля 10,9 мільёна чалавек (больш за 43% насельніцтва) недаядаюць і амаль столькі ж ня маюць доступу да чыстай пітной вады. Людзі, якія жывуць у паўночна-ўсходніх і сельскіх правінцыях, больш за усё пакутуюць ад недахопу базавых паслуг. Тым ня менш, калі людзі спрабуюць удзельнічаць у рудымэнтарнай рынкавай дзейнасьці, ім пагражае арышт і затрыманьне, у тым ліку за паездку па краіне, на што патрабуецца дазвол.
У дакладзе паказваецца, што Пхэньян перакладае адказнасьць за бядотную гуманітарную сытуацыю ў краіне на санкцыйны рэжым, які рабіўся ўсё больш жорсткім чатыры разы з пачатку выпрабаваньняў у краіне ў 2006 годзе атамнай зброі. У той жа час велізарныя па сваіх памерах узброеныя сілы краіны атрымліваюць прыярытэтнае фінансаваньне, падкрэсьліваецца ў дакладзе.
У заяве агенцтву Reuters прадстаўніцтва КНДР у жэнэўскім цэнтры ААН назвала даклад палітычна матываваным і вынікам «выдумак» перабежчыкаў, якія спрабуюць такім чынам прыцягнуць да сябе ўвагу і атрымаць матэрыяльную выгаду.