Аляксандар Лукашэнка 27 траўня павіншаваў Гітанаса Наўседу з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Літвы, піша БелТА.
«Вельмі спадзяюся на працяг двухбаковага дыялёгу, у тым ліку і на гасьціннай беларускай зямлі», — гаворыцца ў віншаваньні.
Лукашэнка разьлічвае, што дзейнасьць Наўседы будзе садзейнічаць наладжваньню беларуска-літоўскіх кантактаў і павелічэньню ўпэўненасьці і бясьпекі ў рэгіёне. Ён пацьвердзіў зацікаўленасьць у супрацоўніцтве зь Літвой.
Гітанас Наўседа — беспартыйны кандыдат, які ў 2004–2009 гадах быў дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. У 2000-х працаваў на розных пасадах у Банку Літвы і AB Vilniaus Bankas, у 2008–2018 гадах быў дарадцам і галоўным эканамістам SEB Bankas (новая назва AB Vilniaus Bankas), ад 2010 году выкладае ў Віленскай бізнэс-школе. 55 гадоў, жанаты, дзьве дачкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве выбіраюць шостага прэзыдэнта пасьля аднаўленьня незалежнасьціУсяго ў выбарах маглі прынялі ўдзел 2,491 млн грамадзянаў Літвы з правам голасу. Яўка, паводле дадзеных Галоўнай выбарчай камісіі, склала 53,44% выбарнікаў.
Прэзыдэнт Літвы абіраецца ўсеагульным прамым таемным галасаваньнем на пяць гадоў. Для прэтэндэнтаў існуе ўзроставы цэнз — ня менш за 40 гадоў, а таксама патрабаваньні быць грамадзянінам Літвы паводле паходжаньня і жыць у краіне ня менш за тры апошнія гады.
Літва — парлямэнцкая рэспубліка, але вызначэньне зьнешняй палітыкі застаецца прэрагатывай прэзыдэнта. Абодва ўдзельнікі барацьбы ў другім туры падвяргаюць крытыцы палітыку Крамля, падкрэсьліваюць свае саюзьніцкія адносіны з NATO і дзяржавамі Эўразьвязу.