Органы пракуратуры Менска выявілі і запатрабавалі ліквідаваць парушэньні ў сфэры арганізацыі асобнага збору, захоўваньня і перавозкі бытавых адходаў, паведамляе прэс-служба ведамства.
Паводле закону, калі ў двары ёсьць кантэйнэры для асобнага збору бытавых адходаў, жыхары абавязаныя сартаваць сьмецьце і выкідаць іх у гэтыя кантэйнэры. У менскай пракуратуры вырашылі праверыць, як выконваецца заканадаўства аб абыходжаньні з камунальнымі адходамі, і знайшлі наступныя парушэньні:
- на некаторых сьмецьцевых пляцоўках збор і падзел камунальных адходаў па відах арганізаваны ня ў поўным аб’ёме;
- сьмецьце і абрэзаныя галінкі часам вывозяць несвоечасова;
- на тэрыторыі пляцовак для збору буйнагабарытнага сьмецьця несвоечасова праводзяць санітарныя прыборкі, каля некаторых сьмецьцепрыёмных камэр знайшлі грызуноў;
- у асобных выпадках кантэйнэры для збору шкла, плястыку і паперы былі разьмешчаныя на зялёнай зоне, ходніках;
- людзей недастаткова інфармуюць пра асобныя віды адходаў, якія перапрацоўваюць.
Няправільны збор, у тым ліку зьмешваньне палімэрных адходаў зь іншымі пры перавозцы, прывялі да пагаршэньня якасьці сартавальных ліній, адзначаюць у ведамстве.
Яшчэ адной праблемай у пракуратуры лічаць тое, што ў Менску працягваюць будаваць дамы са сьмецьцеправодамі, а падчас праектаваньня дваровых тэрыторый часам ня ўлічваюць новыя патрабаваньні да асобнага збору сьмецьця. Таксама ня вырашана пытаньне, дзе будзе пляцоўка для новага палігону цьвёрдых бытавых адкідаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папера, шкло, шыны — так. Вопратка — не. Як у Беларусі перапрацоўваюць сьмецьцеПа выніках праверак пракуроры склалі 10 адміністрацыйных пратаколаў у дачыненьні 10 службовых асоб жыльлёва-камунальных службаў, УП «Спэцкамунаўтатранс» ды іншых арганізацый, вынесьлі 3 прадпісаньні, 5 прапазыцый у адрас тэрытарыяльных выканаўчых органаў.
У актах нагляду пракуратура Менску запатрабавала распрацаваць і зацьвердзіць праграму па абыходжаньні з адходамі, а таксама дакумэнты для будаўніцтва новага палігону цьвёрдых бытавых адходаў, завяршыць будаўніцтва прадпрыемства для сартаваньня бытавых адходаў у раёне палігону «Трасьцянецкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым можна замяніць плястыкавы посуд, ад якога адмаўляюцца ў Эўразьвязе, і што пра гэта думаюць у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў наладзіць сыстэму перапрацоўкі адходаў