Галоўнае сьледчае упраўленьне Сьледчага камітэту завершыла расьсьледаваньне крымінальнай справы аб забойстве бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага зь Бярэзані (Беразіно), учыненага ў 2016 годзе.
Як паведамілі ў ведамстве, падчас расьсьледаваньня iншага цяжкага злачынства, забойства мэнэджара Касяка ў Менскім раёне, цела якога знайшлі толькі пасьля прысуду ў канцы 2018 году, былі атрыманыя зьвесткі аб датычнасьці двух чалавек да злачынства ў Бярэзані на Меншчыне. Гэта Сянкевіч і Сьветчыкаў, якія працавалі разам з Касяком.
Летась у кастрычніку Сянкевіч напісаў яўку з павіннай, у якой указаў, што забойства Мяцельскага яму замовіў Сьветчыкаў, паабяцаўшы заплаціць 30 тысяч даляраў.
Неўзабаве павінную напісаў і Сьветчыкаў, расказыўшы, што падвозіў Сянкевіча да месца забойства, што яны вымагалі ў прадпрымальніка паўмільёна даляраў і г.д. Паводле сьледчых, Сянкевіч у канфліктных сытуацыях схільны да некантраляваных паводзінаў, да таго ж, ён служыў у спэцпадразьдзяленьні, дзе атрымаў неабходныя веды ў абыходжаньні са зброяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менскай вобласьці забілі бізнэсоўца, спалілі машыну зь целамСянкевічу прад’яўленае абвінавачаньне ў забойстве. Ён прызнаўся, што пасьля расстрэлу бізнэсоўца на трасе Менск — Магілёў падпаліў машыну, каб замесьці сьляды. Сьветчыкаў абвінавачаны ў вымагальніцтве.
Крымінальная справа была перададзеная ў пракуратуру, а 24 траўня паступіла ў Менскі абласны суд.