Улады адмоўна адказалі на прапанову беларускіх прыхільнікаў ініцыятывы «Несьмяротны полк» назваць адну з вуліц Менску імем Сталіна, паставіць там яго бюст. Пра гэта ў вялікім інтэрвію Свабодзе расказаў адзін з аўтараў ініцыятывы Валер Драко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так, я сталініст!» Інтэрвію з арганізатарам беларускага «Несьмяротнага палку»Драко з аднадумцамі напісалі ліст у Адміністрацыю кіраўніка краіны з прапановамі назваць адну з вуліц Менску імем Сталіна, паставіць там яго бюст, а надпіс «Валгаград» ля манумэнта на плошчы Перамогі замяніць словам «Сталінград».
Паводле яго, прапанову перанакіравалі ў Акадэмію навук. Там сабралі меркаваньні Мінкульту, Мінінфармацыі і іншых адказных установаў. У выніку, кажа Драко, ён атрымаў ліст, дзе гаварылася, што вуліца Сталіна ў Менску і яго бюст пакуль ня зьявяцца.
«Мы ўзрадаваліся, хоць нешта ўдасца аднавіць! — расказвае Драко. — Але вось днямі прыйшоў новы адказ за подпісам намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму, што наш беларускі народ неадназначна ставіцца да Сталіна і трэба пачакаць. Нам бы хаця б перайменаваць Валгаградзкую вуліцу ў Сталінградзкую. Там бы і бюст паставілі. Нам сказалі, што, можа, у новым мікрараёне зробяць. Але новы мікрараён — гэта новыя погляды. Там пачнуцца мітынгі супраць гэтага. Трэба вуліца нэўтральная, дзе будынкі меншыя, дзе менш людзей жыве. Пакуль такой вуліцы няма», — сказаў Драко.
Па ягоных словах, на ўсталяваньне помніка Сталіну ў Менску нават пачалі зьбіраць грошы, адкрылі адмысловы рахунак. Цяпер на ім «каля 10 тысяч даляраў», кажа ініцыятар.
20 траўня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьмены рашэньне Менскага гарадзкога суду аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі «Несьмяротны полк». Заяўнікі пад кіраўніцтвам Валера Драко двойчы беспасьпяхова падавалі ў Менгарвыканкам дакумэнты на рэгістрацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яўна палітычнае рашэньне». Вярхоўны суд адмовіў «Несьмяротнаму палку» ў рэгістрацыіАкцыю «Несьмяротны полк» у Расеі праводзяць з 2013 году. Яе ўдзельнікі масава выкарыстоўваюць расейскія дзяржаўныя сьцягі, а таксама георгіеўскія стужкі, якія сталіся сымбалем расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе.
Сёлета 9 траўня дазволеная акцыя «Несьмяротны полк» прайшла ў Менску і недазволеная ў Віцебску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бессмертный полк» у Беларусі: няма агульнай ідэі — няма пагрозы для грамадзтва