Улады Магілёва дазволілі правесьці манстрацыю ў адзіным дазволеным для вулічных акцыях месцы — на стадыёне поруч з забаўляльным комплексам «Рэнесанс». Акцыя пройдзе з 17 да 18 гадзінаў 26 траўня, колькасьць удзельнікаў — да 10 чалавек, паведамляе сайт «Вясны».
Манстрацыя — мастацкая акцыя зь лёзунгамі і транспарантамі, якія прыцягваюць да сябе ўвагу абсурдам і гіпэрбалізацыяй. Арганізатарамі акцыі ў Магілёве выступілі мясцовыя валянтэры.
Адзін з арганізатараў — Аляксандар Буракоў распавёў, што «мэтай правядзеньня будзе «выраз зьмешаных пачуцьцяў аб свабодзе мірных сходаў у Беларусі», што дае ўдзельнікам прастору для творчасьці ў вырабе плякатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні манстрацыі, ні дэманстрацыі: улады забаранілі яшчэ адну акцыю 1 траўня«Ідэальны варыянт манстрацыі — вялізны натоўп людзей з пацешнымі плякатамі, якія ідуць па цэнтральнай вуліцы. Але ў нас няма грошай на міліцыю, таму вырашылі правесьці малым, але ўдалым складам. Акрамя таго, мы выбралі фармат пікету, а не дэманстрацыі. Зьвязана гэта з тым, што лепш гадзіну пастаяць з плякатамі, чым за 10 хвілін прайсьці тую стомэтроўку ад рытуальнага агенцтва, якую ўлады абазначылі як адзіную дазволеную для шэсьцяў», — сказаў Аляксандар Буракоў.
Лёзунгі можна прапаноўваць
Праваабаронцы прапануюць магілёўцам дасылаць свае ідэі з лёзунгамі для манстрацыі, якія арганізатары і валянтэры нанясуць на плякаты і пакажуць падчас пікету. Зрабіць гэта можна на паштовы адрас mspring.online@gmail.com або ў сацыяльных сетках, напісаўшы арганізатару ў «Вконтакте» або Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ой, усё». Праваабаронцы зладзілі «манстрацыю» на плошчы БангалорЗаяўку на манстрацыю праваабаронцы падавалі тройчы, першы раз яе адхілі, другі раз прынялі, але не пасьпелі падпісаць дамовы на аплату паслуг міліцыі і мэдыкаў(ахова акцыі да 10 чалавек каштуе 76 рублёў).
Цяпер, па словах арганізатараў, дамовы з усімі неабходнымі службамі падпісаныя.