«Мы такія, як беларусы». Як жыве цыганскі пасёлак у Магілёве

На вуліцы ў пасёлку Грабянёва. Коні застаюцца ўлюбёнцамі цыганоў, нягледзячы на аселы лад жыцьця

Пасьля сьмерці магілёўскага інспэктара ДАІ міліцыя правяла рэйды і масавыя затрыманьні ў паселішчах, дзе кампактна пражываюць цыганы. Гэтыя падзеі прыцягнулі ўвагу да цыганскай этнічнай меншасьці.

Звычайныя беларусы ў сваім штодзённым жыцьці з цыганамі сутыкаюцца ня часта. Адасоблены і закрыты для чужых побыт сфармаваў нямала стэрэатыпаў пра цыганскую супольнасьць. У крымінальнай хроніцы нярэдка паведамляецца пра злачынствы, учыненыя «асобамі цыганскай нацыянальнасьці». Гэта ўмацоўвае ў сьвядомасьці беларуса нэгатыўныя ўяўленьні пра цыганоў.

Свабода распытала цыганоў з магілёўскага пасёлку Грабянёва пра іхнае жыцьцё і стасункі зь беларусамі. У аповедах яны спрабуюць разбурыць трывалыя стэрэатыпы пра сябе.

Сьцісла пра цыганоў

  • Першыя зьвесткі пра цыганоў на тэрыторыі Беларусі зафіксаваныя ў прывілеі Аляксандра Ягелончыка 1501 году. Згодна з граматай вялікага князя літоўскага цыганам дазвалялася качаваць па землях Княства.
  • Паводле перапісу насельніцтва 2009 году, цыганоў у Беларусі больш за 7 тысяч. Самі цыганы называюць іншую лічбу — блізу 60 тысяч.
  • Найвялікшая цыганская грамада — на Гомельшчыне: больш за 2,5 тысячы чалавек.
  • Афіцыйна працаўладкаванымі лічацца блізу 10 працэнтаў цыганоў. Цыганы наракаюць, што іх не бяруць на працу з прычыны нацыянальнасьці.

Міліцэйскія рэйды былі і раней, але не такія масавыя

Грабянёва — пасёлак з найвялікшай у Магілёве цыганскай дыяспарай. Паводле мясцовых цыганоў, першым аблюбаваў гэтую мясьціну больш за сто год таму цыганскі род Русаковых. Яны перабраліся ў Беларусь са Смаленшчыны. Цяпер у пасёлку блізу 100 цыганскіх сямей. Зь іхнымі сядзібамі суседзяць дамы беларусаў.

Міліцэйскі рэйд 16 траўня застаецца адной з галоўных тэмаў у гутарках мясцовых цыганоў. Позьнім вечарам таго дня ўзброеныя амапаўцы не прамінулі ніводнай цыганскай хаты.

«Па вуліцы ехаў аўтазак, а за ім, як у вайну, цягнуўся натоўп цыганоў. Езьдзілі некалькі БТРаў. Па хатах хадзілі ўзброеныя, у масках людзі. У кожнай чуўся мат, пагрозы, лямант перапалоханых гаспадароў і іхных дзяцей. Затрыманых звозілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі», — кажа адзін зь першых суразмоўцаў Вячаслаў.

Сылюэтамі коней упрыгожваюць цыганы свае хаты

Паводле яго, міліцэйскія рэйды ў Грабянёве былі і раней, але не такія маштабныя. Звычайна пад іх падпадалі асобныя сядзібы. Паводзіны міліцыянтаў заўжды былі бесцырымонныя, кажа ён.

«Калі адчыніў дзьверы і цябе адразу не адштурхнулі, то просіш паводзіць сябе цішэй, каб не палохаць дзяцей, але на такія просьбы міліцыянты не зьвяртаюць увагі. Як не пасьпеў адчыніць дзьвярэй, то выламаюць, ці вокны выбіваюць. У хатах шукаюць наркотыкі альбо крадзенае», — кажа Вячаслаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні міліцыянт распавёў, як у Магілёве гадамі «адпрацоўваюць» цыганскія раёны

Ён кажа, што ня можа вытлумачыць, чаму распаўсюджваньне наркотыкаў увязваецца з цыганамі. Дапускае, што прычына ў стэрэатыпах, якія сфармавалі перадузятае стаўленьне да цыганскай грамады.

У войска цыгана забіраюць, а на працу не бяруць

Грабянёва выцягнулася ўздоўж Дняпра на паўднёвым ускрайку Магілёва. Цыганы дагэтуль пасьвяць на дняпроўскіх паплавах каровы, козы, коні.

Вячаслаў і ягоная сям’я гадуе жывёлу і з таго жыве. Як ён кажа, шмат цыганоў вымушаныя ехаць на заработкі ў Расею, бо ў Беларусі ўладкавацца цыгану цяжка.

«У адкрытую ня кажуць, што не бяром, бо цыган. Але як толькі пабачаць, хто прыйшоў уладкоўвацца, то заяўляюць: вакансіі больш няма. Чамусьці лічыцца: калі цыган, то абавязкова злодзей», — кажа Вячаслаў.

Вячаслаў не захацеў фатаграфавацца, але паказаў пашпарт, што ён грамадзянін Беларусі

Па яго словах, у Расеі такога стаўленьня няма. Там цыганы працуюць грузчыкамі, будаўнікамі. Уладкоўваюцца на заводы. Заробак — пад 1000 даляраў. Апошнія некалькі гадоў цыганы выяжджаюць на заработкі ў эўрапейскія краіны. У прыярытэце — Польшча. Некаторыя ў Беларусь не вяртаюцца.

Сястра Вячаслава сканчае Магілёўскі ўнівэрсытэт харчаваньня. Ці ўдасца знайсьці занятак па прафэсіі, дзяўчына ня ведае. Кажа, што перадузятага стаўленьня ў навучальнай установе з прычыны цыганскага паходжаньня няма. Умовамі вучобы задаволеная.

Вячаслаў кажа, што цыганоў, як і беларусаў, прызываюць служыць у войска. Паводле яго, гэта ледзьве не адзінае месца, дзе на нацыянальнасьць не зьвяртаюць увагі.

Цыганы як беларусы

Суродзіч Вячаслава, 62-гадовы Ўладзімер — на пэнсіі. Гадуе быкоў і сьвіней. Раней іх здаваў мясакамбінату. Цяпер прадае бізнэсоўцам. Плаціць падаткі. Паводле дастатку лічыць сябе за серадняка.

Як і многіх іншых грабянёўскіх цыганоў, яго затрымалі 16 траўня. Потым іншыя міліцыянты выламалі дзьверы ягонай хаты, шукаючы ўжо затрыманага гаспадара.

Жыхар Грабянёва Ўладзімер

«Мы ж такія, як беларусы. Тут нарадзіліся. Хрысьціліся і працуем. Але, чаго хаваць, прыніжэньне нас як цыганоў існуе», — кажа ён.

Як і папярэдні суразмоўца, Уладзімер наракае, што цыгану знайсьці працу дужа цяжка, а «калі няма з чаго жыць, то ён наважваецца на незаконны занятак».

«Безумоўна, у цыганоў ёсьць зладзейская жылка, і гэта не таямніца. Але, як кажуць, ня роўны лес, ня роўныя людзі. У кожнай нацыі ёсьць свае вырадкі, але, паверце, сярод цыганоў бальшыня — добразычлівыя людзі, хаця і закрытыя ад астатняга сьвету», — кажа суразмоўца.

У прытулках цыганскіх дзяцей няма. Старыя не бадзяюцца па сьвеце

Уладзімер кажа, што ў яго з жонкай няма сваіх дзяцей, але яны выгадавалі дзьвюх пляменьніц. Дзяўчаткі аказаліся сіротамі. Цяпер яны дарослыя і маюць сваіх дзяцей. Адна пляменьніца — адміністратарка ў рэстарацыі, а другая кухар.

Хата Ўладзімера. Яе гаспадар паставіў сваімі рукамі

«Цыганы не аддаюць сваіх дзяцей у прытулкі. У нас гэта лічыцца вялікім грахом. Яны не бадзяюцца па сьвеце. Калі дзіця апынулася бяз бацькі і маткі, то яго забяруць родзічы. Ніводнай гісторыі, калі нехта з цыганоў выкінуў сваё дзіця, ці, ня дай Бог, забіў», — кажа Ўладзімер.

Паводле яго, старыя нямоглыя цыганы таксама не застаюцца бяз догляду. Імі апякуюцца да сьмерці, калі няма дзяцей, то родзічы. Павага да старэйшых — для цыгана норма.

Цыганы самі караюць зламысьнікаў

60-гадовы Анатоль да пэнсіі рабіў цесьляром, бэтоншчыкам у ПМК. Кажа, што за савецкім часам цыгану было прасьцей знайсьці сабе працу. Тады на цыганскае паходжаньне ня надта зьвярталі ўвагу.

«Калі б у сьвеце былі ўсе такія злодзеі, як цыганы, то сьвет нашмат лепшым быў бы», — кажа ён. Паводле яго, у цыганскай грамадзе існуюць звычаі, якія прадугледжваюць жорсткую кару за злачынства. Ён настойвае, што ў кодэксе паводзінаў цыгана няма месца гвалту і забойству.

На вуліцы пасёлка Грабянёва

«Зламысьніка могуць нават выгнаць з грамады, і ніводзін з цыганоў ня прыме яго ў сябе дома», — тлумачыць Анатоль.

Паводле яго, нярэдкія выпадкі, калі міліцыя зьвяртаецца да барона, каб той паспрыяў у выкрыцьці злачынцы.

Калі беларуска хоча выйсьці за цыгана, павінна быць гатовая стаць цыганкай

Наступная суразмоўніца Аліна жыве са сваёй сям’ёй у двухпавярховым катэджы. На дастатак не наракае. Адзначае цяжкасьці ў працаўладкаваньні. Па яе словах, нямала цыганоў наймаецца на сэзонныя працы ў калгасы. Там робяць у кароўніках ды сьвінарніках. У горадзе ж уладкоўваюцца тыя, каму пашанцуе.

І цыганы, і беларусы настойваюць, што міжнацыянальных канфліктаў паміж імі не ўзьнікае. Часам бываюць побытавыя сваркі, якія вырашаюцца па-суседзку, кажуць пасялкоўцы. Той жа думкі трымаецца Аліна.

Дняпроўскі поплаў з жывёлай цыганоў

Па яе словах, доўгае сужыцьцё цыганоў зь беларусамі усё часьцей прыводзіць да зьмяшаных шлюбаў, якія яшчэ дзясяткі два гадоў таму не віталіся. Нават лічыліся ганьбай, дадае яна. Дзяўчыне, якая наважылася выйсьці за цыгана, давядзецца вучыць мову мужа.

«Ёй трэба будзе вучыцца цыганскім традыцыям і паводзіць сябе як цыганка», — кажа Аліна.

Разам з тым яна заўважае, што пад такое патрабаваньне падпадаюць ня ўсе жанчыны, якія выйшлі за цыганоў. Некаторыя абмяжоўваюцца разуменьнем мовы і веданьнем найважнейшых побытавых цыганскіх фраз. Родзічы мужа не настойваюць на поўнай асыміляцыі.

Цыган здольны на падман

На думку Аліны, насьцярожанае стаўленьне да цыганоў тлумачыцца тым, што яны доўгі час ня мелі сталага прытулку, бо качавалі. Такі лад жыцьця навучыў цыганоў зарабляць па-рознаму.

«Вядома ж, цыган здольны да падману, і гэта ён умее рабіць добра. На крадзеж мы здольныя. Магчыма, на неадназначнае ўспрыняцьце цыганак паўплывала тое, што нямала іх умее гадаць. Гэтае рамяство перадаецца ад бабуль ды матуль», — кажа суразмоўніца.

Расейская мова цыганоў — з ладным дамешкам беларушчыны

Цыганскія дзеці ходзяць у 13-ю школу — адзіную ў пасёлку. Вучаць у ёй на расейскай мове. Палова вучняў — дзеці з цыганскіх сямей.

«Быць непісьменным цяпер цяжка, але як бацькі не насядаюць, то дзеці пасьля 9 клясаў вучобу кідаюць. Тыя, хто хоча дасягнуць у жыцьці посьпеху, працягваюць навучаньне. Атрымліваюць вышэйшую адукацыю...» — кажа Аліна.

Школа ў Грабянёве

Між сабой цыганская дзятва перамаўляецца па-цыганску. Як і дарослыя, зь лёгкасьцю пераходзяць на расейскую.

У Грабянёве мала хто з цыганоў называе беларусаў беларусамі. Для іх гэта «рускія». Беларускую мову разумеюць, але не гавораць, хоць іхная расейская мова — з ладным дамешкам беларушчыны.

Якім будзе стаўленьне да цыганоў пасьля міліцэйскіх рэйдаў

Грабянёўскія цыганы ўсьцешаныя, што кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава выбачылася за некарэктныя паводзіны міліцыянтаў падчас расьсьледаваньня справы аб сьмерці інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча. На іх думку, аднак, гарантыяў таго, што падобнае абыходжаньне не паўторыцца, няма.

Паводле БелТА, Натальля Качанава сказала, што па ўсіх скаргах і зваротах «будуць праведзеныя разборы», дадаўшы, што «міжэтнічны мір і згода ў нашай краіне зьяўляюцца безумоўным прыярытэтам».

Цыганскі квартал у Грабянёве

Факту масавага затрыманьня прадстаўнікоў цыганскай дыяспары не прызнаюць ані Сьледчы камітэт, ані Міністэрства ўнутраных спраў. Там сьцьвярджаюць, што з цыганамі, магчыма, праводзілі гутаркі.

Міністар унутраных спраў заявіў, што ў яго «няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня перад цыганамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дай волю Шуневічу — і тое, што адбылося з цыганамі, лёгка можа адбыцца з усім грамадзтвам», — Бяляцкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы таксама грамадзяне Беларусі». У цыганскім пасёлку Магілёва пахавалі жанчыну, якая памерла пасьля міліцэйскіх рэйдаў