Па 510 рублёў штрафу атрымалі яшчэ два ўдзельнікі несанкцыянаванай акцыі 26 красавіка ў Менску. Менчукоў Юлію Ляшкевіч і Дзьмітрыя Кучука, намесьніка старшыні партыі «Зялёныя», абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Працэсы над імі адбыліся ў Цэнтральным судзе Менску.
«Удзел у шэсьці я прызнала, але віны не прызнаю»
Юлія Ляшкевіч распавяла «Свабодзе» падрабязнасьці працэсу.
«Мяне судзіла Вікторыя Шабуня, а сьведчылі два міліцыянты. Прычым адзін зь іх, маладзейшы, дакладна адказаў на пытаньне, з якой нагоды адбылася акцыя — што ў памяць пра Чарнобыльскую катастрофу. То бок разумеюць, за што караюць. Нагадала суду, што ў той дзень МУС праводзіў маленьне ў памяць пра загінулых ад Чарнобыля міліцыянтаў. Але ж загінулі ня толькі міліцыянты — пра іх, значыць, гаварыць нельга», — кажа Юлія Ляшкевіч.
Ці будзе абскарджваць пастанову суду, жанчына яшчэ ня вырашыла. «Удзел у шэсьці я прызнала, але віны не прызнаю».
Дзьмітрый Кучук таксама не зьбіраецца абскарджваць рашэньне суду.
Ужо пакаралі 5 чалавек
На дадзены момант вядома пра пакараньне 5 удзельнікаў акцыі. Апроч Ляшкевіч і Кучука, гэта пэнсіянэрка з Асіповіч Тацяна Барэль (аштрафаваная на 328,5 рубля), незалежны эканаміст Сяргей Чалы (328,5 рубля), невядомы малады чалавек з плякатам, якога судзілі ў Першамайскім судзе (255 рублёў).
Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў таксама атрымаў для азнаямленьня складзены на яго пратакол за 26 красавіка.
«Яшчэ не праглядаў, на мяне шмат пратаколаў», — сказаў Свабодзе Мікалай Казлоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарнобыльскім шляхам» прайшлі каля 30 чалавекНа ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску штогод ад 1989 году традыцыйна праходзіў Чарнобыльскі шлях — акцыя памяці ладзілася без удзелу дзяржавы, але ўлады амаль заўсёды дазвалялі яе. Заяўку на мітынг і шэсьце ў 2019 годзе адклікалі празь нежаданьне плаціць міліцыі за абавязковую ахову. Акцыя прайшла несанкцыянавана, але затрыманьняў не было.