23 траўня быў апублікаваны і набыў сілу ўказ прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага, які датэрмінова спыніў паўнамоцтвы парлямэнту восьмага скліканьня і прызначыў выбары на 21 ліпеня.
Згодна з законам аб выбарах народных дэпутатаў, працэс пазачарговых выбараў дэпутатаў пачынаецца з дня, наступнага пасьля дня апублікаваньня ўказу прэзыдэнта Ўкраіны.
Аргумэнтуючы сваё рашэньне прызначыць датэрміновыя выбары, Зяленскі заяўляў, што кааліцыі ў Вярхоўнай Радзе не было з 2016 году. Гэты ўказ Зяленскага ўжо абскардзілі ў Вярхоўным судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі падпісаў указ аб роспуску Вярхоўнай Рады і прызначыў дату выбараўЗгодна з украінскім заканадаўствам, Вярхоўная Рада складаецца з 450 народных дэпутатаў. 225 зь іх выбіраюцца паводле партыйных сьпісаў, 225 — у мажарытарных акругах. У парлямэнт трапляюць партыі, якія атрымліваюць на выбарах 5% галасоў.
22 траўня Ўладзімір Зяленскі ўнёс на разгляд парлямэнту прапанову зь іншым фарматам выбараў — прапарцыйнай сыстэмай з закрытымі партыйнымі сьпісамі і 3% прахаднога бар’еру. Новы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Богдан назваў яго «кампрамісным».
Парлямэнт Ўкраіны ня ўнёс законапраект у свой парадак дня.
Чарговыя выбары ў парлямэнт меліся адбыцца 27 кастрычніка 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная рада адмовілася разглядаць законапраекты Зяленскага