Беларусі і расейскія бок узгаднілі захады ў замяшчэньні няякаснай нафты з Расеі, паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на канцэрн «Белнафтахім».
«Сёньня ў Маскве віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка і расейскі віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Козак узгаднілі дарожную мапу тэхнічных захадаў, якія дазваляюць замясьціць нафту, што зьмяшчае хлёрарганіку, у беларускай частцы трубаправоду "Дружба" на чыстую і аднавіць транзытнае транспартаваньне нафты ў заходнім кірунку», — паведамілі ў канцэрне.
Паводле «Белнафтахіму», рэалізацыя «дарожнай мапы» пачнецца ўжо 24 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што беларуска-расейская працоўная група не абміне нафтавых праблемаўАгенцтва «Интерфакс» паведаміла са спасылкай на Ільлю Джуса, прадстаўніка расейскага віцэ-прэм’ера Дзьмітрыя Козака, што Расея абяцае аднавіць пастаўкі чыстай нафты да мяжы з Польшчай не пазьней за сярэдзіну чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыйная вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. Хто больш плаціць за абмежаваньні?Па справе аб забруджваньні расейскай нафты, якая пастаўлялася ў Беларусь, суд у Самары 15 траўня арыштаваў чатырох кіраўнікоў кампаній, яшчэ двух кіраўнікоў арыштаваў завочна. У судзе расказалі, як дастаўлялі забруджаную нафту ў трубаправод «Дружба», паведамляла агенцтва ТАСС.
Паводле сьледзтва нафту выкрадалі аўтамабільным транспартам і дастаўлялі перапрацоўваць на «нафтаперапрацоўчы міні-завод». Атрыманыя сьветлыя нафтапрадукты прадаваліся трэцім асобам. Цяжкія нафтапрадукты, напрыклад мазут і іншыя адходы вытворчасьці, дастаўляліся назад ў ААТ «Нефтеперевалка». Пастаўкі няякаснай нафты ажыцьцяўлялі пад відам вуглевадароднай сыравіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея падпіша пагадненьне аб кампэнсацыі замежным кампаніям за брудную нафту