Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі папрасіў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага вярнуць яму ўкраінскае грамадзянства. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат, які перадаў ліст Саакашвілі ў адміністрацыю Зяленскага, паведамляе «Інтерфакс-Україна».
У лісьце Саакашвілі падкрэсьлівае, што яго пазбавілі грамадзянства незаконна, парушыўшы Канстытуцыю Ўкраіны і міжнароднае права, згодна зь якім «нельга пакідаць чалавека наогул без грамадзянства».
Пры гэтым Саакашвілі адзначыў, што яму не патрэбны «ніякія пасады і прэфэрэнцыі», і дадаў, што калі ў Зяленскага нават ёсьць нейкія сумневы ў мэтазгоднасьці вяртаньня яму грамадзянства Ўкраіны, прэзыдэнт можа даць распараджэньне старшыні Дзяржаўнай памежнай службы пра тое, што Саакашвілі мае права ўехаць ва Ўкраіну, каб самому абараніць свае правы ў судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін лічыць, што Зяленскі мог бы вярнуць украінскі пашпарт СаакашвіліУ канцы ліпеня 2017 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб спыненьні грамадзянства Ўкраіны Міхэілу Саакашвілі, згодна з паведамленьнямі, празь сьвядомае даваньне лжывых зьвестак пры набыцьці ўкраінскага грамадзянства. Саакашвілі 10 верасьня 2017 трапіў на тэрыторыю Ўкраіны праз польска-ўкраінскую мяжу, не прайшоўшы памежнага кантролю.
12 лютага 2018 Міхэіла Саакашвілі затрымалі ў адным з рэстаранаў у цэнтры Кіева, а потым Дзяржаўная памежная служба і Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны заявілі, што паводле працэдуры рэадмісіі яго вярнулі ў Польшчу — краіну, адкуль ён у верасьні 2017 «прыбыў, парушыўшы ўкраінскае заканадаўства». З Польшчы Саакашвілі паехаў у Нідэрлянды.
Саакашвілі, былы прэзыдэнт Грузіі, экс-кіраўнік Адэскай вобласьці раней заяўляў «Настоящему времени», што хоча вярнуцца ва Ўкраіну і падаў хадайніцтва аб зьняцьці зь яго забароны на ўезд ва Ўкраіну.
«Я павінен мець права вярнуцца ў свой дом, у Кіеў. Я абавязкова так і зраблю», — заявіў Саакашвілі. Палітык у 2015 годзе атрымаў украінскае грамадзянства і стаў кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Але праз два гады сваім указам прэзыдэнт Парашэнка пазбавіў яго грамадзянства Ўкраіны пасьля адстаўкі, а Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году.
Ужо пасьля таго, як Зяленскі атрымаў перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, Саакашвілі падаў прашэньне аб зьняцьці забароны на ўезд у краіну, але Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны адмовіла яму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін лічыць, што Зяленскі мог бы вярнуць украінскі пашпарт Саакашвілі