У Цэнтральным раённым судзе Менску пачаўся разгляд пазову пяці баскетбольных судзьдзяў да выканаўчай дырэктаркі Беларускай фэдэрацыі баскетболу (БФБ) Анастасіі Марынінай пра абарону гонару і годнасьці.
Рэфэры сьцьвярджаюць, што Марыніна распаўсюдзіла інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасьці, і гэтым нанесла ім маральную шкоду ды падарвала дзелавую рэпутацыю.
Міжнародных судзьдзяў перасталі запрашаць на матчы
Юры Ігнацьеў — адзін зь дзевяці беларускіх рэфэры Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу (FIBA). Кажа, што 10 гадоў упарта працаваў на гэтую кар’еру, якая цяпер спынілася.
«З кастрычніка мінулага году, як пачалася гэтая гісторыя, я не атрымаў ніводнага прызначэньня на судзейства, хоць раней за сэзон судзіў 50–60 гульняў у Беларусі і некалькі на высокім міжнародным узроўні. Лічу, што гэта наўпрост зьвязана з той паклёпніцкай інфармацыяй, якую пра мяне і маіх калегаў распаўсюдзіла Марыніна», — сказаў Юры Ігнацьеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баскетбольныя судзьдзі абвінавацілі кіраўніцтва фэдэрацыі ў перадузятасьці і некампэтэнтнасьціПазовы таксама падалі міжнародныя рэфэры па баскетболе ад Беларусі Аляксандар Сырыца, Дзьмітры Юганюк, Ксенія Раманюк і Яўген Маруковіч. Іх таксама больш як паўгода не запрашаюць судзіць матчы.
«Справа ў тым, што ўсе кантакты міжнародных спартовых арганізацый па баскетболе ідуць празь беларускую фэдэрацыю, а ў ёй запраўляе Марыніна. Захацела і адправіла пра нас зьвесткі, што мы нібыта парушылі нейкія маральна-этычныя нормы і былі ад судзейства адхіленыя. Вось і няма на нас заявак. Але гэта было зроблена цалкам беспадстаўна», — заявіў суду Аляксандар Сырыца.
Сама Анастасія Марыніна на паседжаньне не прыйшла, бо занятая падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў і іншых спаборніцтваў. Так заявіла яе прадстаўніца ў судзе.
Паводле прадстаўніцы, Марыніна прэтэнзіі пазоўнікаў адкідае і кажа, што недакладнай інфармацыі пра іх ніякім чынам не распаўсюджвала.
Што да ліста ў міжнародныя структуры, дык Марыніна накіравала яго як службовая асоба. «Праінфармавала пра пастанову выканкаму БФБ ад 1 кастрычніка 2018 году пра тое, хто з судзьдзяў часова адхілены ад працы».
Чаму рэфэры засталіся бяз працы
На працэсе прагучала вэрсія, што баскетбольных судзьдзяў адхілілі ад працы за парушэньне кодэксу паводзінаў, зацьверджанага фэдэрацыяй у лістападзе 2018 году. Нібыта яны адмаўляліся судзіць гульні чэмпіянату Беларусі з прычыны нізкіх расцэнак, дапускалі крытычныя выказваньні на адрас БФБ, што супярэчыць кодэксу.
Усе пяць пазоўнікаў сказалі ў судзе, што раней ня ведалі пра існаваньне кодэксу, на які спасылаецца Анастасія Марыніна.
Два зь пяці рэфэры згадалі, што восеньню 2018 году сапраўды адмаўляліся ад судзейства. Адзін — бо хварэў, другі — бо быў заняты на працы. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі, адзначылі яны.
Іншыя заявілі, што былі гатовыя працаваць, але ня мелі прызначэньняў. «Мяне проста адхілілі ад працы і больш не прызначалі. І нічога не тлумачаць», — сказала суду Ксенія Раманюк.
Дзьмітры Юганюк зьвярнуў увагу, што выканкам БФБ адхіліў іх ад судзейства 1 кастрычніка, а згаданы кодэкс быў прыняты ў лістападзе — задняй датай.
«Раней мы падпісаліся пад зваротам аб павелічэньні платы за судзейскія паслугі, і гэта было ўспрынята вельмі нэгатыўна. А таксама крытыкавалі фэдэрацыю на паседжаньні камісіі Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Ну, вось з намі вырашылі паквітацца такім чынам, праз адхіленьне ад судзейства. А цяпер яшчэ і прыкрываюцца Эўрапейскімі гульнямі. Вы ж чулі — ужо кажуць пра нас, што мы нібыта хочам гэтыя гульні скампрамэтаваць», — сказаў пасьля судовага паседжаньня рэфэры Дзьмітры Юганюк.
Дзьмітры — адзіны зь Беларусі рэфэры баскетболу, які мусіў судзіць матчы на Эўрапейскіх гульнях у Менску. Ён кажа, што атрымаў прызначэньне непасрэдна ад FIBA як найлепшы ліцэнзаваны міжнародны судзьдзя 3×3 у краіне. Але пазьней FIBA скасавала прызначэньне, бо нацыянальная баскетбольная фэдэрацыя яго не пацьвердзіла.
Наступнае паседжаньне ў справе адбудзецца амаль празь месяц — 18 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З нас зрабілі монстра». Што сьмерць падлетка на Дняпры зьмяніла ў падрыхтоўцы магілёўскіх весьляроў