Былы міліцыянт з Магілёва паведаміў Свабодзе пра неафіцыйную праграму Міністэрства ўнутраных спраў у дачыненьні цыганоў. Дасьледаваньне грамадзкай ініцыятывы Romaintegration пацьвярджае гэты факт. Паводле іх інфармацыі, 80% цыганоў у Беларусі сутыкаліся з затрыманьнямі і шматразовай дактыляскапіяй.
«Праграма тычыцца толькі цыганоў. Іх правяраюць, „шманаюць“, патрабуюць складаць пратаколы»
21 траўня ў цыганскім раёне Чапаеўка ў Магілёве памерла 67-гадовая Лідзія Юрчанка. Сваякі ўпэўненыя, што заўчасная сьмерць стала вынікам міліцэйскага рэйду. Пасьля забойства міліцыянта Яўгена Патаповіча магілёўская міліцыя правяла вобшукі ва ўсіх цыганскіх дамах Магілёва і затрымала каля 100 мужчын.
Былы ўчастковы з Магілёва Міхаіл кажа Свабодзе, што міліцыя даўно мае асаблівае стаўленьне да цыганоў. У двух цыганскіх раёнах — Грабянёве і Чапаеўцы — пастаянна праходзяць праверкі.
«А 6-й раніцы ДАІ ачапляе Грабянёва, і пачынаецца адпрацоўка раёну. З групамі АМАПу. Правяраюць усіх цыганоў», — кажа Міхаіл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля забойства міліцыянта ў Магілёве затрымалі дзясяткі цыганоўЁн сам удзельнічаў у такіх «адпрацоўках». Міліцыянты заходзяць у кожны цыганскі дом і правяраюць дакумэнты, машыны, тэлефоны. Спраўджваюць пашпартныя зьвесткі, некаторых затрымліваюць, каб узяць адбіткі пальцаў. Хоць большасьць цыганоў ужо даўно прайшлі дактыляскапію.
Па словах Міхаіла, так ставіцца міліцыя выключна да цыганскіх раёнаў. Ён гаворыць пра неафіцыйную праграму МУС для працы з нацыянальнымі меншасьцямі.
«Праграма тычыцца толькі цыганоў. Іх шманаюць, правяраюць, асаблівая ўвага толькі да іх», — кажа Міхаіл.
Начальства патрабуе, каб падчас такіх рэйдаў міліцыянты складалі пратаколы аб правапарушэньнях. Міхаіл называе гэта «палачнай» сыстэмай. На міліцэйскім жаргоне «палка» — гэта пратакол. Падчас дзяжурства кожны ўчастковы, патрульны ці супрацоўнік ДАІ абавязаны выканаць плян па «палках». Калі ня выканаеш, не атрымаеш прэміі.
«Пратаколы складаюць на ўсё. Калі няма да чаго дакапацца, выпісваюць 17.1 (артыкул за нецэнзурную лаянку. — РС) ці антысанітарыю», — кажа Міхаіл.
Дасьледаваньне: 80% цыганоў Беларусі сутыкаліся з затрыманьнямі
Пра дыскрымінацыю з боку міліцыі кажуць цыганы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
На мінулым тыдні грамадзкая ініцыятыва Romaintegration прэзэнтавала даклад «Сацыяльна-эканамічны стан цыганскага насельніцтва Беларусі» (дакумэнт падрыхтаваны сумесна зь літоўскім Цэнтрам экспэртыз у галіне роўных правоў). Падчас маніторынгу апыталі 814 чалавек з усіх абласьцей Беларусі.
«80% рэспандэнтаў сутыкаліся з этнічным прафіляваньнем у выглядзе затрыманьняў, шматразовай дактыляскапічнай рэгістрацыі, канфіскацыі транспартных сродкаў», — гаворыцца ў дасьледаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскія цыганы таксама трапілі пад міліцэйскую аблавуЭтнічнае ці расавае прафіляваньне — гэта такая практыка, калі супрацоўнікі міліцыі выкарыстоўваюць расу, колер скуры, паходжаньне або нацыянальную (этнічную) прыналежнасьць як падставу для вылучэньня пэўных людзей у асобную групу. Да гэтых групаў узмацняюцца «прафіляктычныя» або іншыя дзеяньні, тлумачыцца ў дакладзе.
«У свой час дактыляскапію правялі ва ўсіх беларусаў. Чаму ў ромаў дагэтуль пастаянна бяруць адбіткі пальцаў, я не разумею», — сказаў Свабодзе Артур Гоманаў, кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларуская цыганская дыяспара».
Паводле яго, мінімум пяць разоў на год кожнага чалавека з цыганскай супольнасьці затрымліваюць для дактыляскапіі. Але міліцыянты не тлумачаць, нашто ім так часта патрэбны адбіткі пальцаў адных і тых жа людзей.
«Я разумею, калі гэта прыежджы чалавек. Але калі ён тут нарадзіўся і вырас, жыве на адным месцы, мясцовыя структуры МУС гэта ведаюць... Навошта яго вадзіць пастаянна, каб ён здаваў адбіткі пальцаў?», — абураецца Гоманаў.
Па словах прадстаўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Дзьмітрыя Чарных, існуюць спэцыяльныя інструкцыі для супрацоўнікаў МУС, дзе зьмяшчаюцца прамыя ўказаньні затрымліваць асобаў цыганскага паходжаньня. На яго спасылаецца сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна».
«Мы ведаем пра ўнутранае распараджэньне, — кажа Артур Гоманаў. — Здаецца, № 56. Але ці яно тычыцца ромаў, ці ўсіх людзей, якія маюць цёмны колер скуры, мы ня ведаем».
Пазыцыя МУС: Ніхто нікога не затрымліваў
У панядзелак 20 траўня стала вядома, што Сьледчы камітэт разглядае суіцыд як асноўную вэрсію сьмерці міліцыянта Яўгена Патаповіча. Цыганоў сярод падазраваных і затрыманых у гэтай справе афіцыйна не было. Пра гэта Свабодзе сказала Юлія Ганчарова, афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту.
У Міністэрстве ўнутраных спраў масавыя затрыманьні таксама абвяргаюць.
«У рамках заведзенай крымінальнай справы нікога не затрымлівалі з цыганоў, — сказала Свабодзе афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава. — Можа, з кожным з гэтых людзей гутарылі. Але ніхто нікога не затрымліваў».
23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч пацьвердзіў, што падчас расьсьледаваньня супрацоўнікі міліцыі правяралі вэрсію пра датычнасьць да здарэньня цыганоў.
«Мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на атрыманых на той час доказах, — сказаў Шуневіч. — У тым ліку і тую вэрсію, на падставе якой прынялі рашэньне аб праверцы дыяспаральнай часткі пэўных нашых грамадзян».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік міністра ўнутраных спраў: «Можа, і трэба выбачыцца перад цыганамі. Ня ведаю, ці будзем»Таксама ў МУС абвяргаюць існаваньне ўнутранага дакумэнту, на падставе якога цыганоў рэгулярна затрымліваюць для праверкі.
«Першы раз такое чую», — сказала Свабодзе афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.
«Ромы сталі яшчэ больш баяцца»
На гвалтоўнае затрыманьне цыганоў зьвярнулі ўвагу беларускія праваабаронцы. Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі просіць Генпракуратуру праверыць законнасьць затрыманьняў міліцыянтамі цыганоў 16 траўня ў Магілёве і прыняць неабходныя меры. Праваабаронца заклікае «ўважліва разгледзець неабгрунтаваныя выпадкі ўжываньня сілы і фізычнага гвалту». Пра гэта Алесь Бяляцкі піша ў сваёй заяве, накіраванай у Генпракуратуру.
Ініцыятыва Romaintegration у сваім дакладзе рэкамэндуе МУС спыніць усе формы этнічнага прафіляваньня як адкрыта дыскрымінацыйныя практыкі.
Як пісала Свабода, у цыганскай дыяспары кажуць пра ўзмацненьне ціску з боку міліцыі ў апошнія 5–6 гадоў і зьвязваюць гэта са зьменай кіраўніцтва МУС.
«Пры мінулым міністру ўнутраных спраў такога не было, — сьцьвярджае Аляксандар Казлоўскі з цыганскай дыяспары. — Было, але мякчэй. Усё зьмянілася з прыходам міністра Шуневіча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыганоў затрымлівалі па ўсёй краіне. Кіраўнік дыяспары параўнаў ціск міліцыі з часамі нацызму ў НямеччынеПа словах Артура Гоманава, факт масавага затрыманьня цыганоў цяпер разглядаецца ў міжнародных арганізацыях. Самі цыганы, якія пацярпелі ад дзеяньняў міліцыі, у большасьці адмаўляюцца здымаць пабоі, бо баяцца яшчэ большага перасьледу з боку міліцыі.
«Ромы сталі яшчэ больш баяцца, — кажа Гоманаў. — Што далей будзе, мне цяжка прадбачыць. Ня ведаю, можа, будуць зьяжджаць адсюль».
Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?
- 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
- 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
- 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
- 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
- 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.
- Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
- 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
- 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».