На беларускія тэлеграм-каналы спасылаюцца, іх цытуюць, абвяргаюць, а аўтараў спрабуюць перасьледаваць. Аўдыторыя беларускага тэлеграму — каля 600 тысяч чалавек. Мы пачынаем складаць даведнік, каб вы не згубіліся. Першая тэма — палітыка. Свабода сабрала 10 самых папулярных палітычных каналаў.
NEXTA
Самы папулярны беларускі канал, калі лічыць па ахопе. У яго 84 тысячы падпісчыкаў — гэта як насельніцтва буйнога раённага цэнтру кшталту Полацку. Канал належыць блогеру Сьцяпану Пуцілу, 20-гадоваму хлопцу, які цяпер вучыцца ў Польшчы. Летась у адносінах да яго распачалі крымінальную справу «Абраза прэзыдэнта», якую ўгледзелі ў адным зь відэаролікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя ня будзе заводзіць крымінальную справу на YouTube-блогера NextaУ канале публікуюцца сьвежыя навіны, зьлівы, чуткі. Апошнім часам ён вельмі актыўна нарошчвае аўдыторыю. Гэта зьвязана з асьвятленьнем гучнай сьмерці супрацоўніка ДАІ пад Магілёвам.
«Беларусь головного мозга»
Другі па папулярнасьці канал, мае 54 тысячы падпісчыкаў. Аўтар каналу — Ігар Лосік, блогер з Баранавічаў. Ён пачынаў весьці свой блог у твітэры, пісаў пра палітычныя падзеі ў Беларусі, Расеі і ва Ўкраіне.
У сваім тэлеграм-канале піша на актуальныя палітычныя тэмы Беларусі. У канале актыўна асьвятлялася трагічнае здарэньне з супрацоўнікам ДАІ пад Магілёвам, што дадало яму падпісчыкаў.
«Работаем с Пушкиным»
Тэлеграм-канал маладога блогера Максіма Пушкіна на 22 тысячы падпісчыкаў, дзе ён посьціць сьвежыя навіны на палітычную і сацыяльную тэматыку. Ад гучных палітычных і міжнародных навінаў — да, напрыклад, анонсаў канцэртаў Макса Каржа.
Максім Пушкін зь Менску, працуе на Tut.by.
«Чай з малинавым варэннем»
Канал пазыцыянуе сабе як навінавы, але большасьць кантэнту — гэта палітычныя мэмы, карцінкі і фатаздымкі, усе зроблена з іроніяй і гумарам.
Аўтары каналу, які мае 19 тысяч падпісчыкаў, проста жартуюць з таго, што адбываецца ў Беларусі.
Гісторыя каналу пачынаецца з пабліку «Ўкантакце» з такой жа назвай. Вядома, што стваральніка клічуць Ігар Кот. Ён працаваў у самастойным расейскім праекце «Лентач», які зьявіўся пасьля расколу парталу Lenta.ru.
«Мая краіна Беларусь»
Патрыятычна-гістарычны канал з элемэнтамі забаваў — менавіта так пазыцыянуе сябе гэты тэлеграм-канал. На сёньня ў яго 17 тысяч падпісчыкаў, аўтары паведамляюць сьвежыя навіны, інсайты на актуальныя тэмы з ананімных крыніц, час ад часу жартуюць зь беларускай рэчаіснасьці ў мэмах і карцінках, пішуць на гістарычную тэматыку.
Стваральнікі тыя ж, што і ў аднайменнай групе «Ўкантакце», якая мае 135 тысяч падпісчыкаў. Групу стварыў Сяргей Бяспалаў, ён жа вядзе і тэлеграм-канал. Суполка, створаная ў 2013 годзе, мае сваю гісторыю перасьледу: у 2014-м да адміна прыходзілі прадстаўнікі спэцслужбаў.
«1863х»
Палітычная аналітыка, навіны, гістарычныя артыкулы — гэта ўсё пра тэлеграм-канал блогера Эдуарда Пальчыса. Цяпер на канал падпісана 15,6 тысячы чалавек. У канале больш тэксту і аналітыкі, менш карцінак і мэмаў.
Стваральнік, Эдуард Пальчыс, пачынаў з сайта 1863х.com, дзе публікаваў навіны, аналітыку і рэзанансныя расьсьледаваньні пад псэўданімам Джон Сільвэр. У 2016 годзе пры перасячэньні мяжы Расеі з Украінай быў затрыманы, некаторы час правёў у бранскай турме, пасьля ў беларускай (агулам адседзеў амаль 10 месяцаў). Суд прызнаў яго вінаватым у «распальваньні расавай ці нацыянальнай варажнечы» і «распаўсюдзе парнаграфіі», блогеру прысудзілі «хатнюю хімію».
Цяпер Эдуард Пальчыс ня толькі вядзе тэлеграм-канал і сайт, але і прымае актыўны ўдзел у арганізацыі сьвяткаваньняў на Дзень Волі.
«Отчислено»
Канал на 12 тысяч падпісчыкаў распавядае пра цяжкасьці, зь якімі беларускія студэнты сутыкаюцца падчас вучобы, пра загоны на афіцыйныя мерапрыемствы, праблемы ў студэнтаў з палітычных прычын. Хто аўтар каналу, невядома.
Shraibman
Палітычны аглядальнік Tut.by Арцём Шрайбман мае ў сваім канале больш за 5 тысяч падпісчыкаў. Ён тлумачыць, што адбываецца ў беларускай палітыцы, у адносінах з Расеяй ды іншымі краінамі. Асноўны кантэнт каналу — кароткія аналітычныя тэксты, якія можна прачытаць за некалькі хвілінаў і скласьці сваё ўражаньне пра падзею — напрыклад, пра апошняе пасланьне Лукашэнкі.
Арцём скончыў БДУ, мае дыплём бакаляўра міжнароднага права, магістар Лёнданскай школы эканомікі.
«Хромой Бес»
Прамы інсайт з урадавых кабінэтаў і зьлівы ад праваахоўнікаў — так сябе пазыцыянуе гэты тэлеграм-канал. Ён мае амаль 5 тысяч падпісчыкаў і вельмі дынамічна расьце. Хто аўтары каналу — невядома. Адны кажуць, што гэта сапраўды чыноўнікі, іншыя — што канал завялі журналісты, бо так можна публікаваць факты без праверкі. У апісаньні канала пазначана, што факты могуць быць неправераныя.
«Дунем, Марцінкевіч?»
Тэлеграм-канал на 725 падпісчыкаў, цікавы тым, што яго вядзе юрыст, экспэрт у беларускім праве. У сваім канале ён аналізуе палітычныя падзеі ня толькі як аглядальнік, але часам закранае і юрыдычны бок. Дагэтуль аўтар меў твітэр-акаунт, у якога цяпер 1,6 тысячы падпісчыкаў.
Telegram з кожным годам становіцца ўсё мацнейшым палітычным інструмэнтам. Напрыклад, самы вялікі апазыцыйны канал у Расеі «СталинГулаг» мае амаль 400 000 падпісчыкаў. Нядаўна стала вядома і імя яго аўтара — гэта 27-гадовы Аляксандар Гарбуноў родам з Махачкалы, хворы на сьпінальную атрафію цягліцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сталінгулаг» раскрыў імя. Хто вядзе самы папулярны расейскі антыпуцінскі блогУ Расеі мэсэнджэр спрабавалі блякаваць, але гэта ня вельмі ўдалося. Тады ўлады пайшлі іншым шляхам, стварыўшы шэраг ананімных палітычных каналаў, якія зьліваюць кампрамат на канкурэнтаў і пачынаюць інфармацыйныя войны з цэлымі краінамі.
Яскравы прыклад — гісторыя з «інсультам Лукашэнкі», якую запусьціў канал «Незыгарь». Але і беларускім, і расейскім каналам яшчэ вельмі далёка да таго ж Ірану, дзе на каналы апазыцыі падпісаныя мільёны чалавек.