Хуткае пахаваньне, крымінальная справа па артыкуле за забойства, зьнішчаная вопратка і іншыя незразумелыя моманты гучнай справы.
У першай палове дня 20 траўня, прыкладна праз 80 гадзін пасьля таго, як пад Магілёвам знайшлі цела 22-гадовага супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча, Сьледчы камітэт правёў тэрміновы брыфінг. На мерапрыемстве, якое не прадугледжвала пытаньняў з боку журналістаў і куды запрасілі толькі невялікае кола дзяржаўных СМІ, начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Яўген Архірэеў паведаміў, што галоўная вэрсія сьмерці афіцэра — суіцыд.
Па словах сьледчых, да такой высновы яны прыйшлі пасьля вывучэньня ўсіх акалічнасьцяў сьмерці міліцыянта, яго асабістай перапіскі і знойдзеных на месцы здарэньня сьлядоў. Тым ня менш да вэрсіі, агучанай афіцыйнымі прадстаўнікамі СК, таксама застаюцца пытаньні.
Інфармацыю пра забойства распаўсюдзіў сам СК
Першым пра выкраданьне афіцэра ДАІ ў Магілёве прыкладна а 20 гадзіне чацьвярга 16 траўня паведаміў тэлеграм-канал NEXTA.
«Надзвычайнае здарэньне ў Магілёўскай вобласьці! — гаварылася там. — Увесь асабісты склад абласнога УУС падняты па трывозе, а ў рэгіёне ўведзены плян „Сырэна“. Выкрадзены супрацоўнік органаў унутраных спраў — афіцэр дарожна-патрульнай службы ДАІ».
Неафіцыйныя паведамленьні пра тое, што цела супрацоўніка ДАІ знайшлі ў лесе пад Магілёвам, зьявіліся празь некалькі гадзін. Першае афіцыйнае паведамленьне пра сьмерць Яўгена Патаповіча прыйшло ад СК у той жа вечар чацьвярга. У тэлеграм-канале Сьледчага камітэту паведамілі, што завялі крымінальную справу па артыкуле 362 («Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананьнем ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку») і што справа знаходзіцца «на асабістым кантролі» старшыні СК Івана Наскевіча. Пра «гібель падчас выкананьня службовых абавязкаў» паведаміла і МУС.
Чаму сьледчыя спачатку ўпэўнена называлі сьмерць Яўгена Патаповіча забойствам, а потым прыйшлі да высновы пра суіцыд, застаецца незразумелым.
На афіцыйным сайце СК дагэтуль (па стане на 14.00 20 траўня) гаворыцца пра расьсьледаваньне менавіта забойства, хоць крымінальную справу заводзяць і проста па факце сьмерці чалавека. Як, напрыклад, было ў выпадку сьмерці Аляксандра Коржыча.
Кайданкі на руках
Тое, што рукі загінулага былі ў міліцэйскіх кайданках, можна было пабачыць на апублікаваным фота зь месца сьмерці Яўгена Патаповіча. Незразумела, ці магчыма ўвогуле самому закаваць сябе ў кайданкі. А таксама — навошта гэта было рабіць. Пытаньняў дадае і інфармацыя таго ж тэлеграм-каналу NEXTA, паводле якой кайданкі на руках нябожчыка былі зашпіленыя далонямі вонкі. Пры такім спосабе нашмат складаней выконваць нейкія дзеяньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як міліцыя шукала забойцаў лейтэнанта Патаповіча і выкрадальнікаў генэрала Захаранкі? ПараўноўваемЧорная «Волга»
Паводле паведамленьняў Сьледчага камітэту, першапачатковая інфармацыя пра чорную «Волгу» з расейскімі нумарамі і пасажырамі неславянскай зьнешнасьці, якая магла зьвезьці афіцэра ДАІ ў невядомым кірунку, аказалася непраўдзівай. Яна паходзіла ад самога загінулага, які такім чынам нібыта «хацеў паведаміць пра сваё месцазнаходжаньне».
Незразумела, якім чынам Яўген Патаповіч мог гэтак расказаць пра месца свайго меркаванага самагубства. Таксама застаецца загадкай, як ён увогуле дабраўся да месца, дзе пазьней быў знойдзены труп. Паводле СК, супрацоўнік ДАІ мог даехаць туды на неўстаноўленым пакуль спадарожным аўтамабілі. Сьледчыя цяпер высьвятляюць асобу кіроўцы, які завёз Яўгена Патаповіча ў лес.
Прычыны самагубства
Пра гэта таксама пакуль нічога невядома. Як вынікае з брыфінгу Сьледчага камітэту, Яўген Патаповіч ужо спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, гэта здарылася ў красавіку 2019 году. Аднак застаецца незразумелым, чаму, нягледзячы на спробу суіцыду, Патаповіч заставаўся служыць у ДАІ і нават меў доступ да табэльнай зброі.
Таксама, паводле СК, з дапамогай асабістага ноўтбука загінулага апэратыўнікі атрымалі доступ да паведамленьняў, якія Патаповіч дасылаў знаёмым. Тыя паведамленьні, па інфармацыі сьледзтва, таксама зьмяшчалі інфармацыю пра магчымы суіцыд.
Пры гэтым сябры і знаёмыя Патаповіча, зь якімі размаўлялі журналісты неўзабаве пасьля яго сьмерці, адназначна характарызуюць яго як пазытыўнага маладога чалавека, які меў пляны на будучыню і быў задаволены ўмовамі службы ў ДАІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас усе плачуць. За што таго добрага хлопца забілі?» — рэпартаж з трывожнага Магілёва. ФОТАПрыкметы гвалтоўнай сьмерці
Адной з самых шакуючых дэталяў гісторыі са сьмерцю афіцэра ДАІ пад Магілёвам стаў здымак цела, апублікаваны ў тэлеграм-каналах. Яго сапраўднасьць у СК не аспрэчваюць, сьледчыя нават самі апублікавалі яшчэ адно фота, зробленае на месцы здарэньня. На абодвух здымках бачна, што труп міліцыянта аголены ніжэй поясу, у пахавай вобласьці сьляды крыві.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, загінулы сам разьдзеўся перад сьмерцю і нават спаліў свае форменныя штаны з дапамогай загадзя падрыхтаванай гаручай вадкасьці. Навошта гэта было рабіць і ці ня можа зьнішчэньне вопраткі міліцыянта сьведчыць пра жаданьне зьнішчыць сьляды злачынства, у СК не тлумачаць. Не тлумачаць і таго, чаму Патаповіч перад сьмерцю набываў у краме дровы і рыдлёўку (відэа з камэраў назіраньня таксама паказвалі на брыфінгу ў СК).
Да таго ж у панядзелак 20 траўня СК паведаміў, што на целе ў загінулага афіцэра ня выяўлена ніякіх пашкоджаньняў, акрамя стрэлу ў галаву з табэльнай зброі. Але ўсяго за тры дні да таго, 17 траўня, на сайце СК зьявілася іншае паведамленьне. У ім гаварылася, што ўвечары 16 траўня пад Магілёвам было знойдзенае «цела 22-гадовага лейтэнанта міліцыі з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці».
Урачыстае пахаваньне Яўгена Патаповіча адбылося раніцай 18 траўня, менш як праз двое сутак пасьля сьмерці. Пакуль невядома, ці будзе перакваліфікаваная заведзеная пасьля яго гібелі крымінальная справа. Бацькі таксама пакуль ніяк не камэнтуюць сьмерць сына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыганоў затрымлівалі па ўсёй краіне. Кіраўнік дыяспары параўнаў ціск міліцыі з часамі нацызму ў Нямеччыне