Сама меней 29 зьняволеных, а таксама тры наглядчыкі загінулі ў выніку бунту асуджаных за дачыненьне да тэрарыстычных арганізацый у калёніі ў прыгарадзе Душанбэ ўвечары 19 траўня.
Пра гэта паведамляе ўрадавае агенцтва «Ховар», якое распаўсюдзіла афіцыйнае паведамленьне Галоўнага ўпраўленьня выкананьня крымінальных пакараньняў Мінюста Таджыкістану (ГУВКП).
Паведамляецца таксама, што 35 чалавек, якія маюць дачыненьне да беспарадкаў, затрыманыя. Арганізатары бунту былі сябрамі забароненых тэрарыстычных і экстрэмісцкіх груповак, у тым ліку «Ісламскай дзяржавы».
Бунт у калёніі адбыўся прыкладна а 21:30 19 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За бунт у турме Таджыкістану, дзе загінулі 24 чалавекі, узяла адказнасьць «Ісламская дзяржава»Узброеныя нажамі і вострымі прадметамі, бунтаўшчыкі захапілі ў закладнікі і жорстка забілі трох супрацоўнікаў калёніі, вызвалілі са штрафнога ізалятара 8 чалавек, асуджаных за дачыненьне да «Ісламскай дзяржавы», а потым зарэзалі на вачах іншых зьняволеных 5 арыштантаў. Пасьля гэтага бунтаўшчыкі падпалілі мэдсанчастку калёніі, захапілі ў закладнікі некалькіх зьняволеных і патрабавалі свайго вызваленьня, гаворыцца ў паведамленьні ГУВКП.
«Падчас апэрацыі па падаўленьні бунту, якая праходзіла ў рамках закона, былі ліквідаваныя 24 зьняволеныя, 35 чалавек затрымана. Асуджаныя, узятыя ў закладнікі, вызваленыя», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Генэральная пракуратура краіны завяла крымінальную справу, расьсьледаваньне працягваецца.
Гэта ня першы выпадак, калі ў турмах Таджыкістану бунтуюць вязьні. У лістападзе 2018 году ў выніку забурэньняў у калёніі на поўначы Таджыкістану загінулі як найменш 24 чалавекі. Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасьць за забурэньні.