Беларускае журы на «Эўравізіі» адхілілі ад галасаваньня ў фінале

Прадстаўніца Беларусі Zena выступае ў першым паўфінале Эўравізіі-2019

Беларускае журы на сьпеўным конкурсе «Эўравізія» дыскваліфікаванае перад фіналам. Пра гэта паведамілі арганізатары конкурсу, Эўрапейскі вяшчальны зьвяз (EBU).

Прычынай паслужыла тое, што беларускае журы агучыла, за каго галасавала ў паўфінале, а гэта забаронена правіламі «Эўравізіі».

Пасьля паўфіналу ў аўторак старшыня беларускага журы Валерый Прыгун сказаў Tut.by: «Мы вызначылі трох пераможцаў практычна аднагалосна. Увогуле, у першых шасьці або сямі месцах у нас амаль не было спрэчак. Яны пачаліся на 8-10-х месцах».

Акрамя таго, іншыя чальцы журы распавялі, якія краіны ім спадабаліся падчас паўфіналу. Цяпер гэты артыкул на Tut.by адсутнічае, але ў інтэрнэт-архіве захаваўся яго кэшаваны варыянт.

Беларусь на конкурсе ў Ізраілі прадстаўляе 16-гадовая Zena (Зінаіда Купрыяновіч), якая, паводле вэрсіі Eurovisionworld, уваходзіла ў дзясятку фаварытаў.

Zena выступіць у фінале конкурсу сёньня, 18 траўня. Яна выступіла ў першым паўфінале пад нумарам 8 з кампазыцыяй на ангельскай мове Like It.

Усяго сёлета на Эўравізіі спаборнічае 41 канкурсант. Турэччына, Босьнія і Герцагавіна, Славаччына, Баўгарыя, Украіна вырашылі ў гэтым годзе ня ўдзельнічаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эўравізія» пракамэнтавала гамафобныя намёкі ў эфіры БТ

Зінаіда Купрыяновіч — самая юная ўдзельніца Эўрабачання сёлета. Музыкай яна займаецца з 11 гадоў і ўжо ў 15-гадовым узросьце падпісала прафэсійны кантракт з расейскім прадусарам Віктарам Дробышам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы перасталі сьпяваць за сталом. Чаму гэта трагедыя

Зена была пераможцай прэміі дзіцячага конкурсу «Славянскі базар у Віцебску 2014», фіналісткай нацыянальнага адбору конкурсаў песьні «Дзіцячая Эўравізія» ў 2015 і 2016 гадах.

​Штогадовы песенны конкурс Эўравізія сёлета праходзіць у ізраільскім Тэль-Авіве ў выставачным цэнтры «​Ізраільскі цэнтар кірмашоў»​. Летась сьпявачка Нэта Барзілай прынесла Ізраілю перамогу.