У Магілёве сёньня разьвітваюцца з 22-гадовым Яўгенам Патаповічам — супрацоўнікам міліцыі, якога забілі ў чацьвер, 16 траўня.
Разьвітаньне пачалося а 9-й гадзіне і працягнецца да 12-й. Яно праходзіць у будынку абласной філярмоніі ў цэнтры Магілёва.
![](https://gdb.rferl.org/7FDD1F44-78FE-42D2-A950-7EA3279D3191_w1080_h608_b_s.jpg)
![](https://gdb.rferl.org/1F5ECBF8-61BB-4F72-8AAA-5B629AF16AC4_w1080_h608_b_s.jpg)
Камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзьмітры Балаба
У цэнтры завуч школы, дзе вучыўся Яўген Патаповіч
Рух па вуліцы Першамайскай вуліцы часткова перакрыты, каб там маглі паркавацца супрацоўнікі міліцыі, якія прыяжджаюць на разьвітаньне.
«Чакаецца вельмі шмат людзей. Сёньня прыедуць міліцыянты з усёй краіны», — сказаў адзін зь міліцыянтаў.
Калегі Яўгена Патаповіча
Каля 10-й гадзіны да труны зь целам Яўгена пачалі па чарзе падыходзіць дэлегацыі розных структур сілавых ведамстваў. Былі прадстаўнікі дарожна-паставой і патрульна-паставой службаў, Сьледчага камітэту. Выдзяляецца формай кіраўніцтва магілёўскага АМАПу.
Каля 10:30 пачалося адпяваньне з праваслаўным сьвятаром. У невялікім фае філярмоніі не зьмяшчаюцца ўсе людзі, таму шмат хто стаіць ля ўваходу.
Прыехала кіраўніцтва МУС зь Менску.
На разьвітаньне прыйшло вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі. Самая вялікая група – супрацоўнікі дарожна-паставой службы. Менавіта ў гэтай структуры працаваў Яўген Патаповіч.
Прыйшлі школьныя сябры, шмат вучняў розных клясаў зь 7-й школы, дзе вучыўся Яўген.
«У іх была дружная кампанія, звычайна пасьля школы людзі разыходзяцца, а яны добра сябравалі. Жыцьцялюб. Такім быў Жэня», — сказала Алена Громава, якая добра ведала Яўгена.
У цэнтры Іван Кубракоў, кіраўнік Менскага ГУУС
На разьвітаньне зь Яўгенам прыйшлі ня толькі сваякі і калегі, але і шмат шараговых магілёўцаў.
«Не магу прыйсьці ў сябе пасьля гэтага дзікага выпадку. Я прыйшла аддаць даніну пашаны гэтаму хлопцу», — сказала Вольга Мікалаеўна, чый унук навучаецца на міліцыянта зараз.
Яўгена Патаповіча пахавалі ў вёсцы Вішоў у 30 кілямэтрах ад Магілёва. Адсюль праходзіць ягоная бабуля Ніна, разам зь якой малады міліцыянт жыў у Магілёве.
Увечары 16 траўня зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ Яўген Патаповіч. Меркавана, ён адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены. Пазьней Патаповіча знайшлі мёртвым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як міліцыя шукала забойцаў лейтэнанта Патаповіча і выкрадальнікаў генэрала Захаранкі? Параўноўваем