Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў. Ён адказвае на пытаньне, ці варта чакаць сёлета росту ў беларускай эканоміцы, заяўляе, што ўрад Румаса ня робіць ніякіх крокаў у бок рынкавай эканомікі, і лічыць, што беларускую эканоміку можа напаткаць абвал пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Сьцісла:
- Чакаць істотнага росту эканомікі сёлета нерэалістычна.
- Беларуская эканоміка паступова праядае капітал, які быў назапашаны.
- Немагчыма падвышаць даходы насельніцтва больш, чым гэта дазваляе разьвіцьцё эканомікі.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў можа адбыцца пэўны абвал.
Я ня бачу ніякіх рэфарматарскіх прапановаў ад ураду, хутчэй наадварот
— Многія незалежныя эканамісты былі зьдзіўленыя, калі на 2019 год беларускі ўрад выдаў даволі аптымістычны прагноз росту беларускай эканомікі — у раёне 4 працэнтаў. Але ўжо цяпер, па выніках першых месяцаў, можна рабіць пэўныя высновы наконт таго, ці гэты прагноз рэалістычны.
— МВФ, Усясьветны банк з кожным кварталам карэктуюць свае прагнозы наконт Беларусі ў бок зьніжэньня — спачатку 3 працэнты, потым 2, цяпер ужо 1. Так што відавочна, што істотнага росту ня будзе. Летась выдалі 1 працэнт росту, але разам з гэтым павялічыліся запасы на складах, вырасла колькасьць стратных прадпрыемстваў. Сёлета няма ніякіх чыньнікаў, якія могуць гэты рост выклікаць. Інвэстыцыі скараціліся, новых тэхналёгіяў няма, прадпрыемствы старэюць. Карацей кажучы, няма чыньнікаў, якія могуць прывесьці да росту эканомікі.
— Прайшло 9 месяцаў з жніўня мінулага году, калі быў зацьверджаны новы склад беларускага ўраду на чале з прэм’ерам Румасам. Многія аглядальнікі ўспрымалі гэты ўрад як патэнцыйна рэфарматарскі ў эканамічнай сфэры, якому, аднак, перашкаджае кансэрватызм Аляксандра Лукашэнкі.
— Не. Я ня бачу ад ураду ніякіх прынцыповых прапановаў, якія б спрыялі росту эканомікі, эканамічным рэформам. Наадварот. Нядаўна я пазнаёміўся з праектам закону аб банкруцтве, і гэта вельмі антырынкавы праект. Румас проста ўзяў пад казырок. Ён нічым не кіруе, бярэ на сябе абавязаньні, якія цалкам невыканальныя.
Я ня бачу ніякіх зрухаў у бок рынкавай эканомікі, разьвіцьця бізнэсу. Наадварот, мы бачым, як Лукашэнка заяўляе падчас штогадовага пасланьня, што, маўляў, хопіць спадзявацца на бізнэс. Адкрыта адбываецца паварот назад да каманднай эканомікі, яшчэ больш жорсткага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест лібэралізацыі — рэпрэсіі, замест разьвіцьця — застой
Нельга падвышаць даходы насельніцтва больш, чым дазваляе разьвіцьцё эканомікі
— Але, відаць, кіраўніцтва краіны разьлічвае, што менавіта такія эканамічныя падыходы і будуць даваць вынік. Калі гэтая схема сяк-так, але працуе — чаму б ад яе адмаўляцца, лічаць яны.
— Цяпер праца ўраду — гэта павялічыць даходы насельніцтва перад выбарамі. Летась гэтыя даходы вырасьлі — але не прапарцыйна эканамічнаму росту. Рост эканомікі быў на 1 працэнт, а даходаў насельніцтва — на 7,8 працэнтаў. Гэта азначае зьнясіленьне беларускай эканомікі, калі яна не вырабляе прадукту, а грошы пускаюць на праяданьне.
Далей — толькі спад. Усё гэта вернецца назад праз інфляцыю, абясцэньваньне рубля. Бо нельга некалькі гадоў запар падвышаць даходы насельніцтва больш, чым гэта дазваляе разьвіцьцё эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна IT-сфэра не ўратуе. Чаму пагоршыліся прагнозы для эканомікі Беларусі— Натуральна, што ў выбарчы год улады будуць працягваць рост даходаў насельніцтва нават насуперак нейкім эканамічным заканамернасьцям. Мы памятаем, чым гэта скончылася пасьля выбараў 2010 году, калі наступны, 2011 год стаў эканамічнай катастрофай. Ці можа адбыцца нешта падобнае пасьля выбараў 2020 году?
— Можа. Бо мы назіраем актыўнае пагаршэньне агульнай сытуацыі. 61 працэнт усіх прадпрыемстваў нерэнтабэльныя, ня маюць прыбытку, выдаюць заробкі за кошт нарошчваньня даўгоў перад банкамі. Мы праядаем уклады, валютныя рэзэрвы, запазычанасьць расьце, інвэстыцыі цяпер меншыя, чым у 2014 годзе. Адкуль будзе рост? Эканоміка не дае столькі рэсурсаў, колькі спажывае насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўжо няздольны нават абяцаць павялічэньне даходаў, — эканаміст Чалы— Расея апошнія гады актыўна імкнецца зьменшыць эканамічныя датацыі Беларусі. Як гэта можа паўплываць на стан беларускай эканомікі?
— У 2015 годзе прамая падтрымка ад Расеі складала каля 5 мільярдаў даляраў. Цяпер яна зьмяншаецца, мяняецца ўвогуле стаўленьне Расеі да Беларусі. Мы прадавалі туды сваю прадукцыю, цяпер і гэта заканчваецца. Аб’ёмы гандлю зьмяншаюцца, і ня столькі з прычыны нейкіх канфліктаў, а таму, што эфэктыўна разьвіваецца сельская гаспадарка Расеі. Таму даходы ад беларускага экспарту ў Расею будуць падаць.
У першым квартале прамыя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку зьменшыліся на 30 працэнтаў — у значнай ступені таму, што сюды са шмат якіх прычын не ідзе расейскі капітал.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля расейскіх абмежаваньняў Беларусь скараціла экспарт нафтапрадуктаў на 11% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею ўпаў на 15-30%