Старшыня партыі «Народная грамада» Мікола Статкевіч адмежаваўся ад зьдзеклівага допісу свайго паплечніка Сяргея Спарыша пра сьмерць міліцыянта ў Магілёве.
Паплечнік старшыні партыі «Народная Грамада» Міколы Статкевіча Сяргей Спарыш, якога неаднаразова затрымлівалі міліцыянты, апублікаваў у «Фэйсбуку» саркастычны камэнтар з нагоды забойства 22-гадовага мупрацоўніка ДАІ. Допіс пачынаўся словамі: «Трагедыя стагодзьдзя. Забілі мусара». Пасьля заўвагі сяброў па партыі Спарыш пост выдаліў, але некаторыя СМІ яго перадрукавалі.
Сяргей Спарыш зьяўляецца генэральным сакратаром незарэгістраванай партыі «Народная Грамада», якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч.
Старшыня партыі Мікола Статкевіч запэўніў Свабоду, што папярэдняя «жорсткая размова ў прыватным парадку» зь Сяргеем Спарышам, які выставіў зьдзеклівы пост у «Фэйсбуку» пра масавае абмеркаваньне сьмерці 22-гадовага міліцыянта, ужо адбылася і паведаміў, што наперадзе таго чакае і размова на партыйным узроўні.
Мікола Статкевіч выказаў спачуваньні бацькам забітага афіцэра міліцыі і спадзяваньні, што забойцы будуць знойдзеныя і пакараныя паводле закону.
«Я лічу, што адна зь першапрычынаў гэтага злачынства — адсутнасьць зь беларускага боку кантролю за ўсходняй мяжой. Мы мяжуем зь вялікай краінай, дзе былі ўзброеныя канфлікты, якая і цяпер фармальна і нефармальна ўдзельнічае ва ўзброеных канфліктах, дзе вялікай праблемай зьяўляецца наркаманія, СНІД.
Я не прыхільнік жорсткіх межаў, але на ўзор расейцаў варта ўвесьці выбарачны пашпартны кантроль. Беларусы такі кантроль праходзяць, калі едуць у Расею, і не абураюцца. Мы люстрана павіны зрабіць тое самае», — кажа Мікола Статкевіч.
Што да ўчынку свайго паплечніка Сяргея Спарыша, то лідэр «Народнай Грамады» паведаміў, што ў «Фэйсбуку» ня здолеў прачытаць ягоны камэнтар, таму што ягоныя калегі раней зрабілі Спарышу заўвагу, і камэнтар той выдаліў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра забітага ў Магілёве міліцыянтаАле ў нечым Статкевіч разумее пачуцьці людзей, якія выказваюць пэўны сарказм з нагоды масавага спачуваньня сьмерці міліцыянта.
«Разуменьне маё іх матываў грунтуецца на паводзінах самой міліцыі, яе частымі зьдзекамі з затрыманых людзей. Напрыклад, генэральны сакратар „Народнай Грамады“ Сяргей Спарыш, які саркастычна выказаўся з нагоды шуму і масавай увагі да сьмерці маладога чалавека, сам неаднаразова зазнаваў зьдзекі і катаваньні ад супрацоўнікаў міліцыі. Я нагадаю, што летась 25 сакавіка, калі ў дадатак да дазволенага канцэрту ён удзельнічаў у спробе захаваць пратэставы складнік Дня Волі і пасьля затрыманьня заступіўся за дзяўчат-праваабаронцаў, да якіх ужылі сілу, ён у выніку ляжаў у халоднае надворʼе закаваны ў двары РУУС тварам долу, а супрацоўнікі міліцыі ставілі на яго ногі.
Я гэта разумею, але я гэтага не ўхваляю. Таму што і ў міліцыі людзі розныя, а па-другое, мы павінны заставацца людзьмі ў любой сытуацыі. Мы не павінны паддавацца гэтай подласьці і гнюснасьці, не павіны браць зь іх прыклад, бо інакш чым мы за іх лепшыя? Але, безумоўна, мы зь ім жорстка пра гэта размаўлялі», — сказаў Мікола Статкевіч.
Дарэчы, размова са спадаром Спарышам будзе яшчэ працягнутая на афіцыйным партыйным узроўні, — запэўніў лідэр «Народнай Грамады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС паабяцала ўзнагароду за інфармацыю пра забойства міліцыянта ў Магілёве