Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у першым квартале 2019 года склаў 3 млн тон і ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась зьменшыўся на 11,1% у фізычным вымярэньні, паведамляе БелаПАН.
Як сьведчаць афіцыйныя статыстычныя зьвесткі, у грашовым вымярэньні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў паменшыўся на 241,7 млн даляраў.
Камэнтуючы ў красавіку прычыны скарачэньня экспарту нафтапрадуктаў, намесьнік генэральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб растлумачыў, што гэта адбылося празь дзеяньні Расеі.
«Падзеньне экспарту нафтапрадуктаў у пачатку году адбылося ад павелічэньня паставак на ўнутраны рынак», — адзначыў ён, зьвярнуўшы ўвагу, што дамоўленасьці паміж урадамі Беларусі і Расеі прывялі практычна да спыненьня імпарту расейскіх нафтапрадуктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыбытак «Нафтану» скараціўся летась на 57,7%«Пастаўкі з Расеі ў Беларусь маюць нулявы балянс і з гэтай прычыны беларускі бок забясьпечвае патрэбы ўнутранага рынку (у тым ліку АЗС) у сьветлых нафтапрадуктах. Адпаведна, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў паменшыўся», — сказаў Сяргей Грыб.
Расейскія ўлады неаднаразова папракалі Беларусь у рээкспарце нафтавай прадукцыі пад выглядам растваральнікаў, за якія ня трэба было сплочваць мыта. Летась з другога паўгодзьдзя пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў сталі імкліва зьніжацца.
Ад 1 лістапада 2018 году Расея пастаўляе ў Беларусь толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў краіне. У першым квартале Беларусь імпартавала з Расеі 22 тысячы тон нафтапрадуктаў, што амаль у 50 разоў менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.