У парлямэнце Ўкраіны зрабілі крок, які ня дасьць Зяленскаму яго распусьціць

Паседжаньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны, ілюстрацыйнае фота

Вярхоўная Рада Ўкраіны абвясьціла аб прыпыненьні дзейнасьці ўрадавай кааліцыі. Цягам месяца будуць фармаваць новую.

Фракцыя «Народны фронт» абвясьціла аб выхадзе з урадавай кааліцыі, створанай у 2014 годзе, на аснове якой быў сфармаваны цяперашні ўрад Уладзіміра Гройсмана.

«Каааліцыя выканала сваю місію. Новыя абставіны патрабуюць максымальнай кансалідацыі сіл: новы прэзыдэнт, новы парлямэнт, новая кааліцыя», — заявіў кіраўнік фракцыі Максім Бурбак.

Пасьля заявы старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій вымушаны быў абвясьціць аб прыпыненьні дзейнасьці парлямэнцкай кааліцыі:

«Улічваючы заяву аб выхадзе з кааліцыі фракцыі „Народны фронт“, паведамляю, што кааліцыя прыпыніла сваю дзейнасьць. Згодна з Канстытуцыяй, ад сёньня цягам аднаго месяца мае быць сфармаваная новая кааліцыя. Заклікаю прадстаўнікоў усіх фракцый і груп пачаць кансультацыі для фармаваньня новай кааліцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новаабраны прэзыдэнт Зяленскі прысягне ўкраінскаму народу 20 траўня

У сваю чаргу прэм’ер-міністар Украіны Ўладзімір Гройсман назваў гэтае рашэньне няпростым, як і рашэньне пяцігадовай даўнасьці аб ейным стварэньні: «Кааліцыі давялося ўхваляць абсалютна неабходныя, але надзвычайна важныя і непапулярныя рашэньні, каб забясьпечыць стабільнасьць у дзяржаве і зламаць старую сыстэму». Кіраўнік ураду падзякаваў усім фракцыям, якія працавалі ў складзе кааліцыі, за супрацу.

Пасьля выбраньня прэзыдэнтам Украіны Ўладзіміра Зяленскага ў ягоным штабе пачалі абмяркоўваць магчымасьць роспуску парлямэнту для правядзеньня пазачарговых выбараў у Вярхоўную Раду. Але, згодна з украінскім заканадаўствам, парлямэнт нельга распусьціць за паўгода да правядзеньня чарговых выбараў. Гэты тэрмін сканчаецца 27 траўня. Такім чынам, сёньняшняе рашэньне фракцыі «Народны фронт» аб выхадзе з кааліцыі фактычна робіць немагчымым роспуск парлямэнту.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, урад, сфармаваны кааліцыяй, працягвае выконваць свае паўнамоцтвы да правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў. Яны мусяць прайсьці сёлета ў канцы кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская пісьменьніца Аксана Забужка: «Там, дзе мы цяпер, яшчэ ніхто не бываў»