А 3-й гадзіне начы на месцы, дзе знайшлі забітага міліцыянта каля Магілёва, працуюць крыміналісты. Карэспандэнт Свабоды перадае зь месца здарэньня.
Па трасе Менск-Магілёў пасьля 1-й гадзіны начы яшчэ былі выстаўленыя тры блёк-пасты з узброенымі міліцыянтамі. Таксама супрацоўнікі ДАІ дзяжураць на вуліцах начнога Магілёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкрадзенага супрацоўніка ДАІ знайшлі мёртвымМесца, дзе было знойдзена цела забітага міліцыянта, ачэпленае. Гэта лес непадалёк ад скрыжаваньня аб'язной дарогі вакол Магілёва і шашы на Шклоў. Сюды прыехала перасоўная крыміналістычная лябараторыя. Тут жа ўсталяваная аварыйная асьвятляльнай мачта.
«Пра акалічнасьці расказваць вельмі рана, — паведаміла Свабодзе на месцы Юлія Ганчарова, афііцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі. — Вядуцца актыўныя дзеяньні па аглядзе месца здарэньня. Яшчэ ўсталёўваецца карціна таго, як усё адбылося».
Зь яе словаў вынікае, што падазраваныя яшчэ не затрыманыя.
«Зараз вельмі рана рабіць высновы, пакуль ня будуць затрыманая [падазраваныя] у гэтым забойстве», — дадала Ганчарова.
Як пісала раней Свабода, са спасылкай на тэлеграм канал NEXTA, падазраваныя ў забойстве перамяшчаліся на чорным аўтамабілі Волга на расейскіх нумарах. Таксама зьяўлялася інфармацыя пра затрыманьні людзей, якія перамяшчаліся на чорных «Волгах» з расейскімі нумарамі. Юлія Ганчарова патлумачыла, што затрыманьні праходзяць у рамках апэрытаўных мерапрыемстваў.
«Затрыманьні могуць быць паўсюль», — удакладніла яна.
Па стане на 3-ю гадзіну раніцы, сьледчыя працягвалі працаваць. Юлія Ганчарова сказала, што працы могуць працягнуцца да самай раніцы.
У 5.15 з ачэпленага лесу вынесьлі накрытае цела міліцыянта. Сьледчыя працягваюць працаваць.
На пытаньне, як у Сьледчым камітэце рэагуюць на распаўсюд інфармацыі па гэтай справе ў тэлеграм-канале NEXTA, Юлія Ганчарова сказала, што ўчора двойчы абвяргала інфармацыю з гэтага тэлеграм-каналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьвесткі пра затрыманьне падазраваных у забойстве міліцыянта не пацьвярджаюцца
Нагадаем, учора ў Магілёве быў выкрадзены, а потым забіты 23-гадовы супрацоўнік міліцыі. Для пошукаў падазраваных быў уведзены плян "Сырэна" і на дарогах быў выстаўленыя блёк-пасты. Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманьне падазраваных пакуль не паступала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра забітага ў Магілёве міліцыянта