Папулярны ўкраінскі музыка зьбіраецца «зьнішчыць старую палітыку і стварыць палітыку новую».
Лідэр гурту «Океан Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук стварыў партыю «Голас» і прэзэнтаваў сваю каманду, зь якой плянуе ўдзельнічаць у выбарах у Вярхоўную Раду, што маюць адбыцца сёлета ў кастрычніку.
«Мы, партыя „Голас“, ідзём у парлямэнт, каб зьнішчыць старую палітыку і ствараць палітыку новую. Палітыку, якая прынясе нам сапраўдныя зьмены», — заявіў Сьвятаслаў Вакарчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр «Океан Ельзи» адказаў, ці будзе ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта ЎкраіныПры гэтым ён удакладніў, што пад старой палітыкай мае на ўвазе «сьляпую веру ў прэзыдэнта». «Але новых прозьвішчаў у кабінэце на Банкавай (на гэтай вуліцы знаходзіцца Адміністрацыя прэзыдэнта. — РС) недастаткова».
Палітычную партыю Вакарчук прэзэнтаваў на пляцоўцы каля Нацыянальнага музэю гісторыі Ўкраіны, непадалёк ад падмурка Дзесяціннай царквы, збудаванай у 989–996 гадах і разбуранай у часе мангольскага штурму Кіева ў 1240 годзе. Рэшткі падмурку Дзесяціннай царквы зьяўляюцца помнікам нацыянальнага значэньня, а само гэтае месца лічыцца цэнтрам асаблівай энэргетыкі ў Кіеве.
Хто ўвайшоў у каманду Вакарчука
Вакарчук таксама назваў каманду, зь якой плянуе пачаць палітычную дзейнасьць. У яе склад увайшлі прадстаўнікі рэфарматарскай каманды Міхэіла Саакашвілі ў часе ягонага кіраўніцтва Адэскай вобласьцю — Юлія Кліменка, Яраслаў Юрчышын, Саламія Баброўская ды іншыя. Яшчэ за тыдзень да прэзэнтацыі гэтай партыі ў публічнай прасторы пачалі абмяркоўваць датычнасьць да яе ўкраінскага алігарха Віктара Пінчука.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўкі на прэзыдэнта. Як алігархі ўплываюць на выбары ва ЎкраінеВакарчук год таму заявіў пра намер заняцца палітычнай дзейнасьцю, і большасьць экспэртаў меркавалі, што ён вылучыць сваю кандыдатуру для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Але ў студзені ён паведаміў, што ня мае такіх плянаў.