У Магілёве турыстычнае агенцтва «Артас-тур» заваблівае месьцічаў на адпачынак слоганам «Мы вернули Крым». У арганізацыі настойваюць, што ў фармулёўцы няма «прыхаваных сэнсаў і палітычнай подбіўкі».
Між тым на дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму, а наведваньне паўвыспы праз тэрыторыю Расеі можа прывесьці да забароны на ўезд ва Ўкраіну.
Турыстычнае агенцтва: запытаў на паездкі ў Крым няма
Рэклямную ўлётку турагенцтва сфатаграфаваў на сваім пад’езьдзе ў адным з спальных раёнаў Магілёва праваабаронца Аляксей Колчын.
Дырэктар агенцтва Сяргей Цімошчанка лічыць слоган «нармальным» для турыстычнай кампаніі, якая «ад пачатку сваёй дзейнасьці вазіла беларусаў у Крым» і хоча аднавіць туды туры. Паводле яго, фармулёўка слогана не правакацыйная — але, магчыма, мэнэджэр па турызьме «некарэктна яе напісаў, бо ня ўсе гэта зразумеюць».
«Ніякіх прыхаваных сэнсаў у гэтым няма і палітычнай подбіўкі таксама», — кажа ён.
Як вынікае з абвесткі, вазіць турыстаў зь Беларусі ў Крым агенцтва зьбіраецца праз Расею. Уезд ва Ўкраіну ў такім разе ім можа быць забаронены.
Сяргей Цімошчанка кажа, што кліентам тлумачаць гэтую акалічнасьць. І прызнаецца: запытаў на паездкі ў Крым няма.
Якая афіцыйная пазыцыя Беларусі па Крыме
На дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму. Пра гэта не аднойчы заяўляў Аляксандар Лукашэнка.
«Украіна павінна быць адзіная. Мы, беларусы, у гэтым зацікаўленыя, і асабіста я», — казаў кіраўнік дзяржавы ў 2014 годзе на інагурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.
Міністэрства замежных спраў Беларусі неаднаразова папярэджвала беларускіх грамадзян пра магчымыя наступствы наведваньня Крыму.
У «чорных сьпісах» Украіны больш за 300 грамадзян Беларусі, якія заяжджалі ў Крым з тэрыторыі Расеі
Згодна з заканадаўствам Украіны, уезд і выезд замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на гэтую тэрыторыю ажыцьцяўляецца толькі на падставе спэцыяльных дазволаў праз кантрольныя пункты «Каланчак», «Чаплынка» ды «Чангар».
Падставы для атрыманьня дазволу — пражываньне ў Крыме блізкіх сваякоў або членаў сям’і, наведваньне месца пахаваньня родных, сьмерць блізкіх сваякоў або членаў сямʼі. Дазвол на наведваньне Крыму таксама можна атрымаць, калі ў вас ёсьць права ўласнасьці на абʼекты нерухомасьці.
Наведваньне Крыму праз тэрыторыю Расеі можа скончыцца забаронаю на ўезд ва Ўкраіну. На дадзены момант у «чорных сьпісах» Украіны — больш за 300 грамадзян Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»