Шапуцька пра выставачны цэнтар ля Курапатаў: «Улада працягвае зьдзекавацца з забітых у 1930-я»

Ганна Шапуцька ў Курапатах, архіўнае фота

Каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька абураная плянам пабудовы пад Курапатамі нацыянальнага выставачнага цэнтру і называе яго «чарговай правакацыяй», скіраванай на раскол беларускага грамадзтва.

«Пра такія пляны я і раней чула, але верылася, што да гэтага ня дойдзе, што хопіць розуму і сумленьня не чыніць новых правакацый. Відаць, не хапіла. З пункту гледжаньня захаваньня памяці аб ахвярах рэпрэсій пабудова побач з такім месцам выставачнага цэнтру — гэта катастрофа. Адно з другім ніяк не супадае, яны ня могуць суседнічаць.

Праз поле праходзіць „Дарога сьмерці“, якая фактычна ёсьць мяжой ахоўнай зоны, дзе будаваць нічога нельга. Але і за ёй — зона рэгуляванай забудовы. Гэта значыць толькі такой, якая не замінае Курапатам, не прыніжае іх значэньня. Дык калі дзяржава ўсё ж вырашыла, што Курапаты — гэта гістарычны аб’ект памяці, калі пачала хоць неяк імі апекавацца, дык навошта зноў прыніжаць?

У мяне ўражаньне, што Курапатамі там, ва ўладзе, дагэтуль грэбуюць, ня ведаюць, як ад іх пазбавіцца, і таму вырашылі закрыць гэтыя крыжы нейкімі пампэзнымі пабудовамі, выставамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў пабудаваць ля Курапатаў выставачны цэнтар

Ганна Шапуцька мяркуе, што разьмяшчэньне выставачнага цэнтру на полі побач з Курапатамі на шкоду і гэтаму аб’екту.

«Абсалютнае глупства разьмяшчаць там і гэты цэнтар, калі ўлічыць ягоныя інтарэсы. Бо што такое выставачны цэнтар? Гэта сьвята, урачыстасьці, шум, імпрэзы, гонар дасягненьнямі. Так, гэта таксама патрэбна і сапраўды можна знайсьці, чым нам ганарыцца. Але дзе? Калі побач, за плотам — месца смутку, цішыні, малітвы, роздумаў, дык як гэта сумяшчальна, у якой галаве гэта магло добра спалучыцца, ня маю ўяўленьня.

Разумны архітэктар, аўтар будынка, думае ня толькі пра тое, якім будзе аб’ект, але і пра тое, як ён упішацца ў навакольле. Пра гэта думае і забудоўнік, а тут мы бачым, што проста чыноўнікі бяруць пад казырок і ўхваляюць любыя самыя бязглуздыя прапановы кіраўніцтва. У выніку людзі, наведнікі гэтага будучага выставачнага цэнтру, акажуцца ў закладніках: іх паклікалі на радаснае сьвята, а побач месца, дзе трэба захоўваць цішыню, смуткаваць. Які інвэстар укладзе грошы ў такі аб’ект, мне незразумела».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тут мае паўстаць музэй». Абаронцы Курапатаў пра пляны пабудаваць ля месца расстрэлаў выставачны цэнтар

На думку Ганны Шапуцькі, ідэя забудаваць поле ля Курапатаў стане чарговай мінай і для беларускага грамадзтва.

«Гэта зноў крок да расколу беларусаў. Як было з „бульбаш-холам“ на адным баку Курапатаў, так цяпер паўтараецца з выставачным цэнтрам на другім баку. Прычым вельмі падобна на чарговую правакацыю, на закід, каб зноў узьнікла супрацьстаяньне паміж аднымі беларусамі і другімі. Спачатку праз „кабак“, потым праз крыжалом, цяпер новы закід, каб узьняліся пратэсты. Уражаньне, што гэта знарок рабіцца цяпер, перад выбарамі. І самае сумнае, што ніхто ня думае, што там ляжаць людзі, пра ахвяр ня думае. Дзяржава проста зьдзекуецца з гэтых ахвяраў. У 30-я гады забілі, імёны ўтаілі, праўду схавалі і дагэтуль працягваюць зьдзекавацца».

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.