14 траўня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі быў агучаны плян пабудаваць у Менску Нацыянальны выставачны цэнтар. Пад пляцоўку будоўлі прапануецца поле паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам «Экспабел», празь якое праходзіць «Дарога сьмерці» — былая траса, па якой у 1930-я гады тысячы людзей везьлі зь Менску на расстрэл у лес.
Алесь Чахольскі, кіраўнік народнага мэмарыялу «Курапаты», у інтэрвію Свабодзе ацаніў пляны пабудаваць побач з мэмарыялам выставачны цэнтар.
Адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі шмат гадоў апякуецца Курапатамі. Актывіст браў удзел ва ўсталяваньні соцень крыжоў у Курапацкім лесе, удзельнічаў у абароне мэмарыялу ад парушэньняў ахоўнай зоны вакол яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў пабудаваць ля Курапатаў выставачны цэнтарТое, што на полі каля Курапатаў, дзе фармальна забудова не забаронена, вырашана ўзьвесьці выставачны комплекс, Алесь Чахольскі назваў «злачынствам перад гісторыяй і памяцьцю».
«Гэтая пляцоўка адмыслова захоўваецца пад курапацкі музэй»
«Галоўны крыжадзёр па ўказцы з Масквы вырашыў канчаткова зьнішчыць наш нацыянальны нэкропаль — вось мая ацэнка такім плянам. Бо найперш гэта прыніжэньне Курапатаў — заціснуць паміж „кабакамі“, выстаўкамі, катэджамі і такім чынам задушыць мэмарыял, прынізіць ягонае значэньне. Другое — гэта пазбавіць магчымасьці разьвівацца. Бо дзе тады разьмясьціць курапацкі музэй ды ўсю інфраструктуру пры ім?
Гэтае поле адмыслова рэзэрвавалася пад музэй памяці соцень тысяч ахвяраў рэпрэсій ва ўсёй Беларусі. Тут мусіць паўстаць музэй, а магчыма, і Інстытут нацыянальнай памяці; мусіць зьявіцца „сьцяна памяці“ з імёнамі ўсіх рэпрэсаваных грамадзян Беларусі, і ня толькі забітых у Курапатах і ў Беларусі, але і тых, хто ляжыць у безыменных магілах у розных гулагах. Можа, тут зьявіцца таксама вялікі пляц для набажэнстваў. Адпаведна побач мусяць быць аб’екты інфраструктуры, у тым ліку аўтастаянка, бо сюды будуць прыяжджаць людзі з усёй краіны і ўсяго сьвету. Вось толькі на гэта мусіць быць прызначанае курапацкае поле».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каталікі там пачалі вазбухаць — Сьвёнтак і яшчэ іншыя». Што Лукашэнка сказаў пра Курапаты на «лініі Сталіна»Алесь Чахольскі верыць, што аб’екты, якія ён пералічыў, абавязкова ўзьнікнуць каля Курапатаў пры новай уладзе, а тое, што зьбіраюцца будаваць каля іх пры Лукашэнку, калі і пабудуюць, будзе зьнесенае.
«І хацелася б папярэдзіць, што тыя грошы, якія будуць укладзеныя ў гэты выставачны цэнтар на курапацкім полі, новая ўлада возьме з чыноўнікаў, якія прымаюць такія рашэньні».
Ганна Шапуцька: «Улада працягвае зьдзекавацца з забітых у 1930-я»
Каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька абураная плянам пабудовы пад Курапатамі нацыянальнага выставачнага цэнтру і называе яго «чарговай правакацыяй», скіраванай на раскол беларускага грамадзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шапуцька пра выставачны цэнтар ля Курапатаў: «Улада працягвае зьдзекавацца з забітых у 1930-я»«Гэта зноў крок да расколу беларусаў. Як было з „бульбаш-холам“ на адным баку Курапатаў, так цяпер паўтараецца з выставачным цэнтрам на другім баку. Прычым вельмі падобна на чарговую правакацыю, на закід, каб зноў узьнікла супрацьстаяньне паміж аднымі беларусамі і другімі.
Спачатку праз „кабак“, потым праз крыжалом, цяпер новы закід, каб узьняліся пратэсты. Уражаньне, што гэта знарок рабіцца цяпер, перад выбарамі. І самае сумнае, што ніхто ня думае, што там ляжаць людзі, пра ахвяр ня думае. Дзяржава проста зьдзекуецца з гэтых ахвяраў. У 30-я гады забілі, імёны ўтаілі, праўду схавалі і дагэтуль працягваюць зьдзекавацца».
Курапаты
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.
У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.