У менскім Літаратурным музэі Максіма Багдановіча прайшла вечарына памяці беларускага мовазнаўцы Зьмітра Саўкі, на якой прэзэнтавалі ягоную пасьмяротна выдадзеную кнігу «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы» — пра гісторыю Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня.
Рэдактарка кнігі, вядомая дасьледчыца беларускай эміграцыі Натальля Гардзіенка адзначыла, што пад адной вокладкай зьмешчаныя фактычна дзьве кнігі: першая — гэта гісторыя Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, другая — успаміны, гутаркі, запісаныя Зьмітром Саўкам падчас сустрэч з паваеннымі эмігрантамі.
«Зьміцер Саўка прыяжджаў у Злучаныя Штаты ў канцы 1990-х на запрашэньне Вітаўта Кіпеля, кіраўніка Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, і прабыў там агулам паўтара гады. Большасьці тых, чые ўспаміны ёсьць у кнізе, ужо няма на гэтым сьвеце. І гэта адзіная магчымасьць нам даведацца, як яны жылі, пра што марылі», — кажа Натальля Гардзіенка.
Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская назвала Зьмітра Саўку пэрфэкцыяністам — ён быў надзвычай працалюбівым, адказным чалавекам.
Школьны сябра Зьмітра мастак Артур Клінаў успамінае, як яны сядзелі за адной партай, як разам распаўсюджвалі «самвыдат», які атрымлівалі ад сяброў-студэнтаў, у тым ліку і ад Вінцука Вячоркі.
«Мне шкада адной рэчы — у беларускай культуры няма пераемнасьці пакаленьняў, беларуская культура — як пясочны гадзіньнік. Сытуацыя посткаляніяльнага існаваньня. Пакуль мы хістаемся невядома дзе, кожнае пакаленьне пачынае ўсё спачатку.
Я называў Зьмітра акадэмікам. Каб ён быў у іншых умовах, яго справа мела б працяг. Каб не пачыналі ўсё з нуля кожныя 20 гадоў», — кажа Артур Клінаў.
Вольга Калацкая ў сярэдзіне 1990-х працавала разам з Саўкам на катэдры беларускай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Але калі ён у вольны ад выкладаньня час паехаў у Амэрыку займацца дасьледчыцкай працай, яго зь Лінгвістычнага «сышлі».
«Зьміцер быў ня проста адмыслоўцам, ня проста „профі“ — ён быў моўным фанатыкам», — заўважае Вольга Калацкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 моўных спраў, якія зрабіў для нас Зьміцер СаўкаЛінгвіст Вінцук Вячорка, суаўтар «Беларускага клясычнага правапісу», памятае Саўку яшчэ школьнікам, калі ў пачатку 1980-х да студэнтаў у моладзевае згуртаваньне «Майстроўня» прыйшлі трое школьнікаў — Зьміцер, Артур Клінаў, Лявон Юрэвіч. Студэнты іх называлі «малымі з бульвару».
«Калі ён паступіў на філфак, я цешыўся, што на аднадумца-спэцыяліста стане болей. Вельмі шчыльна кантактавалі, калі працавалі над „Беларускім клясычным правапісам“ — Юрась Бушлякоў, Зьміцер Саўка, Зьміцер Санько і я. Саўка быў шалёна працавіты, заўсёды зацята, апантана адстойваў сваю думку, але пры гэтым шанаваў тых, хто гэтак жа зацята адстойваў сваю, бо яднала галоўнае — беларуская ідэя», — кажа Вінцук Вячорка.
З 1999-га па 2002 год Зьміцер Саўка працаваў стыль-рэдактарам на Радыё Рацыя, а з 2006 году кіраваў моўнай службай на тэлеканале «Белсат». Адзін зь кіраўнікоў каналу Аляксей Дзікавіцкі пажартаваў:
«Дзякуючы Саўку ў нас ёсьць ня толькі тарашкевіца і наркамаўка, але і сАўкаўка».
У канцы вечарыны старэйшы сын Зьмітра Саўкі Ўладзя абвясьціў, што наступнай імпрэзай будзе прэзэнтацыя дысэртацыі ягонага бацькі.
———————-
Зьміцер Саўка (1965–2017) — аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве зь Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк — Менск, 2002) і «Беларускі клясычны правапіс» (у суаўтарстве зь Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Зьмітром Санько; Вільня — Менск, 2005). Ён удзельнічаў у моладзевым грамадзкім аб’яднаньні «Беларуская майстроўня» (1979–1984). Быў стваральнікам і кіраўніком моўнай службы тэлеканалу «Белсат», адным з аўтараў тэлепраграмы «Моўнік».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Зьміцер Саўка