Намесьніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка не дазволіла мясцовым актывістам правесьці пікет за яе адстаўку.
Фармальнай падставай для адмовы стала тое, што актывісты падалі заяву менш як за 15 дзён да пікету.
Раней Ала Галушка не дазволіла пікет з патрабаваньнем перанесьці хімічнае прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон» з-пад Магілёва на малую радзіму Аляксандра Лукашэнкі — у вёску Александрыю Шклоўскага раёну.
Пасьля гэтага і вырашылі патрабаваць адстаўкі чыноўніцы мясцовыя актывісты — старшыня абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў і актывіст аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Алег Аксёнаў.
Яны лічаць, што Галушка з надуманых прычын штораз адмаўляе грамадзянам у рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на свабоду сходаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Магілёвам прадпрыемства яшчэ не працуе, а ўжо нашкодзіла